2009-09-02 14:44:55

16 верасня ў выставачным павільёне БелЭКСПА адбудзецца адкрыццё VІІІ Нацыянальнага фестывалю архітэктуры “Мінск — 2009”. У святле магчымасцей будаваць новыя касцёлы ў Беларусі архітэктары натхняюцца ідэяй спалучыць нацыянальную сучаснасць са спрадвечнай храмавай прыгажосцю.


Фестываль, па традыцыі, папярэдзіць Міжнародны дзень архітэктуры, які адзначаецца 1 кастрычніка.Старшыня БСА спадар Аляксандр Корбут зазначыў, што ў межах фэсту, які праводзіцца раз на два гады (прынцып б'еналле), адбудзецца агляд-конкурс на лепшы архітэктурны праект года, 3-ці Мінскі міжнародны конкурс маладых архітэктараў “Леанарда (да Вінчы) - 2009” і конкурс дыпломных праектаў вышэйшых архітэктурных школ Беларусі. Дырэктар прадпрыемства “Мінскград” спадар Аляксандр Пятроў расказаў, што ўжо пачалі разгортвацца экспазіцыі, якія складаюцца з пару дзясяткаў выставаў. Тут можна будзе ўбачыць работы больш чым 150 дойлідаў з трынаццаці праектных інстытутаў, творчых майстэрань, персанальныя выстаўкі майстроў архітэктуры Беларусі, ЗША, Італіі, Польшчы, Фінляндыі, Казахстана, Сербіі, Чэхіі, Расіі, Украіны і іншых краін. Наведвальнікі атрымаюць магчымасць пазнаёміцца з творамі беларускіх скульптараў, выставай жывапісных работ выхаванцаў Студыі дзіцячай творчасці пры Беларускім саюзе архітэктараў, а таксама з вырабамі, матэрыяламі і тэхналогіямі прадпрыемстваў Беларсуі і тых, якія працуюць на беларускім рынку. Паралельна ў Доме архітэктараў будзе дэманстравацца выстаўка жывапісных работ і графікі. У межах фэсту запланаваны: міжнародныя навукова-тэхнічныя семінары пад эгідай Сакратарыята Еўрапейскай эканамічнай камісіі ААН і Сакратарыята міжурадавага савета па супрацоўніцтве СНД, канфярэнцыя галоўных архітэктараў гарадоў Беларусі, “круглыя столы”, майстар-класы лідэраў еўрапейскай і сусветнай архітэктуры!
Не менш цікавымі бываюць і працы будучых дойлідаў: зноў рыхтуецца выстава дзіцячых праектаў і малюнкаў. Прыцягваюць увагу праекты і распрацоўкі па адраджэнні помнікаў архітэктуры, выкананыя навучэнцамі архітэктурных навучальных устаноў.
Напрыканцы фэстывалю міжнароднае журы вылучыць пераможцаў, якім будуць прысуджаны дыпломы, медалі і Гран-пры. Гэтыя ўзнагароды стаюцца штогод больш прыстыжнымі. У арганізацыі форуму прынялі ўдзел Беларускі саюз архітэктараў пры падтрымцы Мінскага гарвыканкама, Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва РБ, Міністэрства культуры РБ, Міжнароднай асацыяцыі саюзаў архітэктараў, Асацыяцыі архітэктараў краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.







All the contents on this site are copyrighted ©.