2009-08-31 13:38:55

Тыдзень малітваў за адзінства хрысьціянаў 2010-га году: "Вы сьведкі гэтага"


Свет убачылі матэрыялы на Тыдзень малітваў за адзінства хрысціянаў, які па традыцыі будзе праходзіць з 18 па 25 студзеня 2010 г. На гэты раз выбар тэмы і падрыхтоўка разважанняў даверана хрысціянам з Шатландыі.


У 2010 г. будзе адзначацца 100-годдзе Сусветнай місійнай канферэнцыі ў Эдынбургу. У ёй прымалі ўдзел пратэстанцкія місіянеры з усяго свету, якія, не звяртаючы ўвагі на падзелы, стараліся скаардынаваць сваю евангелізацыйную дзейнасць. Тыдзень малітваў за адзінства хрысціянаў у 2010 г. будзе прысвечаны менавіта гэтай падзеі. Тэма ж гучыць так: «Вы — сведкі гэтага» (Лк 24, 48). Словы ўваскрослага Хрыста павінны стаць заклікам да місійнай дзейнасці, у надзеі, што яна таксама ажывіць імкненне да адбудовы адзінства Касцёла.


Менавіта місіянеры былі піянерамі экуменізму, як чытаем ва ўводзінах да сёлетняй тэмы. Арганізатары Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў у 2010 г. перакананыя ў тым, што ажыўленне місійнага духу і вызнаўцаў Хрыста можа аднавіць волю адзінства, якою кіраваліся місіянеры сто гадоў таму.


Па традыцыі матэрыялы, падрыхтаваныя Сусветнай радай Цэркваў і Папскай радай спрыяння хрысціянскаму адзінству, уключаюць цытаты са Святога Пісання, разважанні на кожны дзень Тыдня, тэкст экуменічнага набажэнства, а таксама абшырнае тлумачэнне тэмы і кароткую прэзентацыю хрысціянаў у Шатландыі.








All the contents on this site are copyrighted ©.