2009-08-24 16:19:31

23 жніўня 2009 г. у мінскай архікатэдры адбылося ўрачыстае завяршэнне перэгрынацыі абраза Езуса Міласэрнага па парафіях Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Цырымонія на завяршэнне перэгрынацыі распачалася ў мінскім касцёле святых Сымона і Алены, дзе святую Эўхарыстыю ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.


Catholic.By Літургію ў катэдры ўзначаліў арцыбіскуп Кёльнскі кардынал Ёахім Майснер. "З завяршэннем перэгрынацыі не павінна завяршыцца наша малітва да Езуса Міласэрнага. Наадварот, культ Божай міласэрнасці павінен яшчэ больш развівацца, каб сапраўды яна стала нашай надзеяй", - падкрэсліў Мітрапаліт, прамаўляючы гамілію. Завяршэннем урачыстасці стала супольная малітва да Езуса Міласэрнага, пасля чаго арцыбіскуп Кандрусевіч зачытаў Акт аддання Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Божай міласэрнасці . "Божа, прымі нашае прысвячэнне, прымі наша перапрашэнне, прымі наш давер. Дапамажы заўсёды заставацца вернымі нашаму хрысціянскаму пакліканню", - гучала палымяная малітва арцыпастыра. Пасля літургіі ва ўрачыстай працэсіі ўслед за абразом Езуса Міласэрнага і рэліквіямі благаслаўлёнага кс. Міхала Сапоцькі вырушылі душпастыры і шматлікія вернікі і накіраваліся ў мінскую архікатэдру, дзе і адбылося ўрачыстае заканчэнне гэтай душпастырскай акцыі. Напачатку святой Імшы Мітрапаліт Кандрусевіч звярнуўся да кардынала Майснера з прывітальным словам: "Гэтай святой Імшой афіцыйна завяршаецца перэгрынацыя. Аднак яна працягваецца дзякуючы перэгрынацыі копіі гэтага абраза па сем'ях. Яна працягваецца таксама дзякуючы развіццю культу Божай міласэрнасці. Удзячны Богу за перэгрынацыю! Ад свайго імя і ад імя ўсіх сабраных тут вернікаў прашу Яго Эмінэнцыю кардынала Ёахіма Майснера - блізкага супрацоўніка Папы Яна Паўла II, які з вялікім замілаваннем ушаноўваў культ Божай міласэрнасці, і сучаснага Пантыфіка Бэнэдыкта XVI, які кажа, што Божая міласэрнасць - гэта не філантропія, але рэальнасць сучаснага жыцця, - узначаліць гэтую святую Імшу і ўзмоцніць нас сваім пастырскім словам, каб мы яшчэ мацней давяраліся Божай міласэрнасці - адзінай надзеі свету".
Кардынал Ёахім Майснер, у сваю чаргу, заклікаў усіх прысутных "разам пазнаць і зразумець, „чым ёсць шырыня і даўжыня, вышыня і глыбіня"" такога жыццёвага асяроддзя як Божая міласэрнасць, "якую можна акрэсліць двума словамі - Езус Хрыстус".
Урачысты настрой літургіі надала працэсія з дарамі, падчас якой самі вернікі дзякавалі Богу за час перэгрынацыі, якая дапамагла нанава ацаніць вялікі дар, атрыманы Касцёлам ад Найвышэйшага, - дар культу Божай міласэрнасці.
Варта адзначыць, што ў Мінску распачалося будаўніцтва новай святыні - санктуарыя Божай міласэрнасці. З вялікай радасцю нямецкі іерарх падарыў келіх для будучага храма, у якім, як толькі ён будзе пабудаваны і адчыніць свае дзверы для вернікаў, будзе змешчаны абраз Езуса Міласэрнага, які перыгрынаваў па парафіях архідыяцэзіі.На заканчэнне Мітрапаліт Кандрусевіч "з удзячнасцю Богу і ўсім, хто падрыхтоўваў, праводзіў і прымаў удзел у перэгрынацыі", звярнуўся да кардынала Ёахіма Майснера з просьбай благаславіць усіх прысутных рэліквіямі благаслаўлёнага кс. Міхала Сапоцькі
За час перэгрынацыі абраз пераадолеў каля 10 тысяч км, наведаў больш за 120 парафій архідыяцэзіі. Ушанаваць рэліквіі благаслаўлёнага кс. Міхала Сапоцькі і даверыць сябе Божай Міласэрнасці прыходзілі каля 200 тысяч вернікаў (як католікі, так і праваслаўныя). Вернікі збіраліся не толькі ў святынях, але і каля прыдарожных крыжоў. Аднадзённай прысутнасці абраза Езуса Міласэрнага ў парафіі папярэднічаў час духоўнай падрыхтоўкі на працягу аднаго або некалькіх дзён.Копія абраза Езуса Міласэрнага для перэгрынацыі была намалявана беларускім мастаком Феліксам Янушкевічам паводле абраза, напісанага са словаў сястры Фаустыны, што знаходзіцца ў Вільнюсе.
Падрыхтавала Валянціна Крутая


 







All the contents on this site are copyrighted ©.