2009-07-28 12:50:43

19-ць гадоў таму была прынята Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі


27 ліпеня 1990 года Вярхоўны Савет БССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце.
Дэкларацыя абвясціла поўны дзяржаўны суверэнітэт БССР як вяршэнства, самастойнасць і паўнату дзяржаўнай улады рэспублікі ў межах яе тэрыторыі, правамоцнасць яе законаў, незалежнасць рэспублікі ў знешніх адносінах.
25 жніўня 1991 года Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце атрымала статус канстытуцыйнага закона, на падставе якога былі ўнесены змены і дапаўненні ў Канстытуцыю БССР 1978 года.
19 верасня 1991 года Вярхоўны Савет БССР прыняў закон аб назве рэспублікі, у адпаведнасці з якім яна стала называцца Рэспублікай Беларусь. Была ўведзена новая дзяржаўная сімволіка — бел‑чырвона‑белы сцяг і герб «Пагоня».
8 снежня 1991 года ў беларускай урадавай рэзідэнцыі ў Віскулях Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці кіраўнікі Беларусі, Расіі і Украіны дэнансавалі дагавор 1922 года аб утварэнні СССР.
Новая Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь была прынята 15 сакавіка 1994 года. Па выніках рэспубліканскага рэферэндуму 14 мая 1995 года рускай мове быў нададзены статус другой дзяржаўнай мовы, герб і сцяг Беларусі — зменены.
З 1991 па 1996 гады галоўнае нацыянальнае свята Беларусі — Дзень незалежнасці — адзначалася 27 ліпеня і было прымеркавана да даты прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце. Пасля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі падчас рэспубліканскага рэферэндуму 1996 года было прынята рашэнне аб святкаванні Дня незалежнасці 3 ліпеня, у дзень вызвалення Беларусі ад нямецка‑фашысцкіх захопнікаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.