Разбурылі гістарычнае прадмесьце ў Пінску, дзе нарадзіліся кіраўнікі Ізраілю
Каб пабудаваць карпусы Палескаму дзяржаўнаму ўнівэрсытэту, разбурылі частку
гістарычнага габрэйскага прадмесьця Каралін, дзе нарадзіліся, жылі і вучыліся першы
прэзыдэнт Ізраілю Хаім Вэйцман, прэм’ер-міністар Голда Мэір, іншыя славутыя людзі.
Пра гэта паведаміў БелаПАН старшыня Пінскай габрэйскай абшчыны Іосіф Лібэрман. Ён
нагадаў, што ў 1690 годзе пінскі стараста Ян Караль Дольскі заснаваў пад горадам
прадмесьце Каралін, куды запрасіў жыць заможных габрэяў. З часам у Караліне зьявіліся
сынагогі, юдэйскія навучальныя ўстановы, майстэрні й крамы. У прадмесьці нарадзіліся,
жылі й вучылісяпершы прэзыдэнт Ізраілю Хаім Вэйцман, прэм’ер-міністар Ізраілю Голда
Мэір, нобэлеўскі ляўрэат па эканоміцы Сайман Кузьнец, трэнэр чэмпіёна сьвету па шахматах
Анатоля Карпава Сямён Фурман, продкі аднаго з заснавальнікаў кампаніі Microsoft Стыва
Балмара Каралін; паводле спадара Лібэрмана, гэта ёсьць сьвятыняй для габрэяў-хасыдаў,
бо тут у XVIII стагодзьдзі ўзьнікла гэтая плынь юдаізму. У савецкія часы плошча прадмесьця
прыкметна скарацілася, ад яго засталося ўсяго шэсьць кварталаў мураваных і драўляных
жылых дамоў, якія,аднак, захавалі нацыянальны характар забудовы Караліна XIX-XX стагодзьдзяў
з уласцівым яму габрэйскім духам. Сёлета вясной прадстаўнікі грамадзкасьці
прапанавалі ўпраўленьню па ахове гісторыка-культурнай спадчыны й рэстаўрацыі Міністэрства
культуры надаць Караліну статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці. Зь Пінскага гарвыканкаму
адказалі, што работы па зносе будынкаў вядуцца згодна з указаньнем кіраўніка дзяржавы
па будаўніцтве ў горадзе карпусоў Палескага ўнівэрсытэту.