2009-07-25 13:00:30

Біскупскі дэвіз Тадэвуша Кандрусевіча Quis ut Deus — Хто ж як Бог. Віншуем Яго Экселенцыю Тадэвуша з 20-годдзем адданага служэння Богу і чалавеку у святасці біскупскай сакры


25 ліпеня 1989 г. Свяцейшы Айцец Ян Павел ІІ найменаваў ксяндза Тадэвуша Кандрусевіча тытулярным біскупам Гіпона-Дзарыцкім і Апостальскім Адміністратарам Мінскай дыяцэзіі для католікаў у Беларусі. Біскупскае пасвячанне у базыліцы св. Пятра ў Рыме узначаліў Папа Ян Павел ІІ (у кастрычніку 89-га). Падчас першага этапу свайго біскупскага служэння ў Беларусі біскуп Тадэвуш Кандрусевіч заснаваў Гродзенскую вышэйшую духоўную семінарыю, спрыяў вяртанню і адкрыццю каля 100 раней зачыненых касцёлаў, прычыніўся да выдання «Парадку Імшы» і «Катэхізісу» на беларускай мове, распачаўшы такім чынам справу адраджэння Касцёла ў Беларусі, з поспехам працягнутую далей кардыналам Казімірам Свёнткам. 1 верасня 2007 г. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI вызваліў арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ад пастырскага кіраўніцтва архідыяцэзіяй Маці Божай у Маскве і менаваў яго арцыбіскупам Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім, з чым мы віншуем усіх беларусаў. Прыгадаем, што арцыбіскупам Тадэвуш Кандрусевіч быў намінаваны 13 красавіка 1991 г. і тады ж прызначаны Апостальскім Адміністратарам для католікаў лацінскага абраду еўрапейскай часткі Расіі. За час яго біскупскага служэння ў Расіі ў Міністэрстве юстыцыі РФ была афіцыйна зарэгістравана Апостальская Адміністратура для католікаў лацінскага абраду, што дало ёй правы юрыдычнай асобы; была праведзена юрыдычная рэгістрацыя вялікай колькасці адноўленых парафій і іншых касцёльных структураў па цэлай Расіі. Пасля падзелу Адміністратуры 23 лістапада 1999 г. прызначаны Апостальскім Адміністратарам для католікаў лацінскага абраду Поўначы еўрапейскай часткі Расіі.








All the contents on this site are copyrighted ©.