2009-07-21 12:56:44

У Менску паставяць помнікі Быкаву, Караткевічу ды Усяславу Чарадзею


Праект Зводнага плану ўстаноўкі мемарыяльных збудаванняў у Рэспубліцы Беларусь на 2009—2012 гады прадугледжвае ўзвядзенне ў Мінску помнікаў Васілю Быкаву і Уладзіміру Караткевічу.
Пра гэта БелаПАН паведаміла галоўны спецыяліст упраўлення мастацтваў Міністэрства культуры Людміла Назарава.
Паводле яе слоў, канцэпцыя плана пачала фарміравацца ў 2008 годзе, калі Мінкульт звярнуўся ў абласныя ўпраўленні культуры, а таксама ў Інстытут гісторыі і Інстытут, мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАНБ з просьбай прадставіць свае прапановы па ўвекавечанні памяці значных для Беларусі гістарычных дзеячаў, а таксама найважнейшых падзей мінулага. Пасля грамадскага абмеркавання праекта плана ў беларускіх СМІ дакумент быў прадстаўлены 1 ліпеня на зацвярджэнне кіраўніку дзяржавы.
Паводле слоў Назаравай, канцэпцыя налічвае збудаванне каля 200 манументальных аб’ектаў рознага маштабу (мемарыяльныя комплексы, помнікі, мемарыяльныя знакі і дошкі), ахоплівае найбліжэйшую перспектыву (да 2012 года) і больш аддаленую (да 2018‑га).
Сярод аб’ектаў, якія мяркуецца ўзвесці ў Мінску, спецыяліст адзначыла помнікі класікам беларускай літаратуры Вінцэнту Дуніну‑Марцінкевічу і Уладзіміру Караткевічу, народнаму пісьменніку Беларусі Васілю Быкаву, народнаму артысту СССР Уладзіміру Мулявіну, заснавальніку Мінска князю Усяславу Брачыслававічу і яго сыну Глебу Усяслававічу, а таксама мемарыяльную кампазіцыю «Бітва на Нямізе».
Акрамя таго, Назарава паведаміла, што 25 ліпеня ў Брэсце з удзелам прэзідэнта краіны запланавана адкрыццё мемарыяла тысячагоддзю горада. У Віцебску плануецца ўзвядзенне мемарыяльнага знака ў гонар 600‑годдзя перамогі пад Грунвальдам, у Гродне — помнікаў класіку беларускай літаратуры Францыску Багушэвічу і каралю Літвы Міндоўгу, у Магілёве — манумента грамадска‑палітычнаму дзеячу і пісьменніку Цішку Гартнаму (Зміцеру Жылуновічу), а ў Гомельскай вобласці — мемарыяльных знакаў, прысвечаных казацка‑сялянскаму паўстанню сярэдзіны XVII стагоддзя.








All the contents on this site are copyrighted ©.