2009-07-20 13:13:11

У Менску прайшоў 5 З"езд беларусаў сьвету "Бацькаўшчына"



Удзел у ім прынялі 252 дэлегаты з 18 краінаў свету. Не толькі з суседніх краін, але і з ЗША, Канады, Вялікабрытаніі, Аўстраліі. Быў нават адзін дэлегат з Новай Зеландыі. Падобныя з’езды — гэта рэдкая магчымасць для беларусаў, якія жывуць у розных краінах, пабачыцца на роднай зямлі.
Не з’явіўся толькі кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімір Макей, затое ў адукацыйным цэнтры ІВВ прысутнічаў новы міністр культуры Павел Латушка, упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Леанід Гуляка, быў намеснік міністра эканомікі Андрэй Тур, людзі з іншых ведамстваў.
Падобныя мерапрыемствы заўсёды пачынаюцца з гімнаў. З’езд «Бацькаўшчыны» не стаў выключэннем, але што цікава, прагучаў не «Магутны Божа» і не цяперашні дзяржаўны, а мелодыя з «Полацкага сшытку». Такое вось кампраміснае рашэнне, у выніку якога ўсе засталіся задаволеныя.
Таксама, перш чым пачаць працу, былі ўзгаданыя хвілінай маўчання тыя беларусы свету, якія пайшлі з жыцця за апошнія чатыры гады ад часу апошняга з’езду. Гэты сумны спіс аказаўся досыць працяглым.
І Латушка, і Гуляка гаварылі на добрай беларускай мове.
Паводле гісторыка Наталлі Гардзіенкі, сёння ў свеце налічваецца ад 2,5 да 3,5 мільёнаў беларусаў. Янка Запруднік акрэсліў тыя праблемы, з якімі сутыкаецца сёння беларуская дыяспара ў ЗША. А Алег Рудакоў расказаў пра сітуацыю ў Іркуцку, дзе толькі афіцыйна налічваецца 50 тысяч нашых суайчыннікаў.
Праца другога дня пачалася з пытанняў і адказаў: задавалі дэлегаты з’езду, адказвалі прадстаўнікі ўлады. Пыталіся ў Латушкі, ці не было б правільна зрабіць беларускую мову адзінай дзяржаўнай. Павел Паўлавіч зазначыў, што як грамадзянін ён гэта падтрымлівае, але як прадстаўнік уладаў не можа гаварыць так катэгарычна, бо прымусовае насаджванне белмовы не прынясе жаданага выніку.
Не змог міністр адказаць толькі на пытанне адносна наданню бел‑чырвона‑беламу сцягу і гербу «Пагоня» вартасці гістарычнай каштоўнасці. Паабяцаў папрацаваць над гэтым пытаннем. Было дастаткова шмат непрыемных пытанняў, тым не менш Латушка глядзеўся годна.
У выступах большасць наракала на тое, што беларуская мова маргіналізуецца ў грамадстве. Пра тое казаў айцец Аляксандр Надсан, што роднай гаворкі не пачуеш на вуліцах Мінску. Зінаіда Бандарэнка заклікала вярнуць мову на дзяржаўныя тэлеканалы, а старшыня ТБМ Алег Трусаў прапанаваў зрабіць 2010 год годам беларускай мовы. Была ўхваленая прапанова зрабіць наступны год годам Ларысы Геніюш, чый стогадовы юбілей будзе адзначацца.
Наступны зьезд праз чатыры нады.








All the contents on this site are copyrighted ©.