2009-07-17 13:41:53

Менскі кляштар бернардзінцаў вернікам не аддадуць


Мінскі касцёл бернардзінцаў не могуць аддаць вернікам з‑за таго, што няма куды перамясціць размешчаныя ў гэтым будынку фонды архіваў.
Пра гэта заявіў 15 ліпеня на прэс‑канферэнцыі ў Мінску ўпаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Беларусі Леанід Гуляка. У прыватнасці, гэта архіўныя фонды навукова‑тэхнічнай дакументацыі і архіва‑музея літаратуры і мастацтва.
«Наколькі я ведаю пазіцыю архіву, яны не супраць таго, каб перадаць будынак касцёла вернікам. Але выкінуць архіў у якіясьці не прыстасаваныя для гэтага будынкі — таксама дрэнна. Гэта дзяржаўны архіў.
Некалькі гадоў таму стаяла пытанне аб тым, каб пабудаваць новы будынак архіву, але гэтае пытанне так і не вырашана», — сказаў Гуляка.
Як раней паведамляў БелаПАН, з 19 сакавіка 2005 года члены сталічнай рымска‑каталіцкай грамады святога Язэпа праводзяць штодзень вячэрнія малебны за вяртанне вернікам будынкаў Мінскага кляштару бернардзінцаў з касцёлам — помніка архітэктуры барока ХVII стагоддзя.
Будынак святыні, узведзены на сродкі вернікаў, быў канфіскаваны ў 1864 годзе ўладамі Расійскай імперыі за ўдзел прыхаджан у нацыянальна‑вызваленчым паўстанні. Архіўныя ўстановы знаходзяцца ў касцёле з 1897 года.








All the contents on this site are copyrighted ©.