2009-07-17 13:41:18

"Басовішча-- 2009"


17—18 ліпеня ў Гарадку (Польшча») — 20‑ы фестываль музыкі маладой Беларусі «Басовішча‑2009».
Бяруць удзел: «Мроя», ULIS, «Палац», «Бонда», N.R.M., «Крама», IQ48, «Дзецідзяцей»… Весці фэст будзе Віктар Шалкевіч.
Паводле арганізараў фестывалю музыкі маладой Беларусі «Басовішча»,
cёлетнія канцэрты маюць ператварыцца ў «машыну часу»: на сцэне будуць выступаць хэдлайнеры першых «басоў», а ў спецыяльных намётах пакажуць відэа ад першых фэстаў.
Тым часам Вольскі, Варашкевіч і Корань рэпетуюць свае старыя праграмы.
Такім чынам, 17 ліпеня, паводле старадаўняй — сляды якой губляюцца яшчэ ў дагістарычным 1990‑м — завядзёнкі, беларусы паедуць у запаветны лес пад Гарадком (Польшча) і дваццаты раз запар адновяць дагістарычнае, з тых часоў, калі пра «Славянскі базар» нават чуваць не было, дзейства: пад электрагітары прашчураў і дзядоўскія бубны танчыцьмуць‑сядзецьмуць‑ляжацьмуць перад сцэнай, адпраўляючы фэст рок‑ураджаю «Басовішча».
На «Басовішчы» выступяць бацькі белроку: ULIS, «Палац», N.R.M., Neuro Dubel. І рок‑сынкі: Lao Che (папулярны польскі гурт), «Дзецідзяцей» (рыхтуе беларускамоўную праграму), гурт «Жнюв», «Босае сонца» (дэбютны выступ на фэсце). У дадатак, некаторыя рок‑бацькі ператворацца ў рок‑дзядоў: выкарыстоўваючы пракаветную магію трансформераў і пластычную хірургію саўнду, N.R.M. перакінецца ў «Мрою», а «Крама» — у «Бонду». Ulis неўміручы, адпаведна, зробіцца самім сабою ўзору п.п.1990‑х. Вядзе фэстываль дасведчаны жрэц Віктар Шалкевіч.








All the contents on this site are copyrighted ©.