2009-07-16 13:42:34

Ліён: нарада Канфэрэнцыі Эўрапэйскіх Цэркваў


«Пакліканыя да адзінай надзеі ў Хрысце» — так гучыць дэвіз XIII нарады Канферэнцыі Еўрапейскіх Цэркваў, якая адбываецца 15–21 ліпеня 2009 г. у Ліёне (Францыя). Форум галоўнай экуменічнай арганізацыі еўрапейскага кантыненту адбываецца ў 50–ю гадавіну яе ўтварэння.
Праца і сустрэчы членаў канферэнцыі будуць праходзіць не толькі ў цэнтры кангрэсаў, але і ў розных святынях: у санктуарыі св. Бонавэнтуры (адкрыццё сустрэчы), у катэдры св. Яна Хрысціцеля (экуменічныя Нешпары 18 ліпеня з удзелам арцыбіскупа Ліёнскага кардынала Філіпа Барбарэна і Канстанцінопальскага Патрыярха Барталамея І), а таксама супольная начная малітва з братамі з супольнасці Тэзэ.
На дадзены момант Канферэнцыя Еўрапейскіх Цэркваў аб’ядноўвае прадстаўнікоў 130 некаталіцкіх Цэркваў і супольнасцяў з 40 краінаў кантыненту. Каталіцкі Касцёл не належыць да гэтай арганізацыі, але цесна з ёй супрацоўнічае.
Галоўнай мэтай стварэння і існавання канферэнцыі з’яўляецца клопат аб прымірэнні Цэркваў і народаў, імкненне да адзінства ў духу экуменізму, а таксама ўзаемапаразуменне як на еўрапейскім кантыненце, так і ва ўсім свеце.
Канферэнцыя Еўрапейскіх Цэркваў была створана ў 1959 г. Паводле свайго статуту, яна з’яўляецца «экуменічнай супольнасцю Цэркваў Еўропы, якія прызнаюць, што Езус Хрыстус — Бог і Збаўца згодна са Святым Пісаннем, і з гэтай мэтай прыкладвае намаганні для таго, каб разам адказаць на сваё супольнае пакліканне праслаўляць адзінага Бога, Айца і Сына і Духа Святога».








All the contents on this site are copyrighted ©.