2009-07-14 13:59:06

Паведамленьне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча з нагоды малітоўнай сустрэчы моладзі ў Івянцы


У ліпені 2008 г. у Івянцы (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія) адбылася Міждыяцэзіяльная сустрэча моладзі, у якой прынялі ўдзел звыш дзвюх тысяч маладых людзей з усёй Беларусі. Сустрэча атрымала станоўчыя водгукі, а многія ўдзельнікі выказваліся аб жаданні прыехаць сюды на наступны год.
У гэтым годзе ізноў запрашаем моладзь у Івянец, дзе 25–26 ліпеня адбудзецца МАЛІТОЎНАЯ СУСТРЭЧА МОЛАДЗІ (МСМ) Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Да ўдзелу ў сустрэчы запрашаем таксама моладзь з іншых дыяцэзій нашай краіны.
Сустрэча беларускай каталіцкай моладзі заснавана на праслаўленні Бога праз малітву і спевы. У праграме прадугледжаны час на Эўхарыстыю, катэхезу, адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту, сведчаннні, а таксама канцэрты гуртоў «Arka Noego» і «2Тм2–3» («Tymoteusz»). Удзельнікі сустрэчы будуць прымаць удзел у перэгрынацыі абраза Езуса Міласэрнага і рэліквіяў благаслаўлёнага Міхала Сапоцькі. Тэмай сустрэчы стануць сакрамэнты хросту і канфірмацыі.
Падчас сустрэчы адбудзецца таксама індывідуальнае аднаўленне сакрамэнту хросту і магчымасць атрымаць сакрамэнт канфірмацыі (для папярэдне падрыхтаваных ў сваіх парафіях кандыдатаў).
Сустрэча распачынаецца 25 ліпеня (субота) у 10.00
Рэгістрацыя ўдзельнікаў пачнецца 24 ліпеня (пятніца) у 15.00. Для тых, хто прыедзе 24 ліпеня, прадугледжана вячэрнія праграма ад 18.00.
Начлег удзельнікаў будзе арганізаваны ў палатачным гарадку на тэрыторыі касцёла. Просім па магчымасці ўзяць з сабой уласныя палаткі і спальныя мяшкі
Пасілак забяспечваюць арганізатары сустрэчы
Для ўдзелу ў сакрамэнце хросту ці канфірмацыі неабходна пасведчанне ад пробашча
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Паводле Catholic.by







All the contents on this site are copyrighted ©.