2009-07-14 14:00:16

Завяршэньне 15 грэка-каталіцкай пілігрымкі


З 7 па 12 ліпеня адбылася XV юбілейная штогадовая пілігрымка Віцебск-Полацак. Сёлета яна праходзіла пад дэвізам “Крыж Хрыста – знак любові”. Удзел у пілігрымцы ўзялі вернікі Грэка-Каталіцкай Царквы з усіх куткоў Беларусі. Па традыцыі, сярод удзельнікаў былі таксама рыма-каталікі і праваслаўныя.
Падчас Пілігрымкі была наладжана праца ў групах дзяленьня, дзе можна было паразважаць і падзяліцца сваім духоўным вопытам і перажываньнямі, зьвязаннымі з агульнай тэмай пілігрымкі “Крыж Хрыста – знак любові”. На месцах начоўкі пілігрымамі былі падрыхтаванныя канцэрты духоўнай музыкі для мясцовага насельніцтва.
Канечным пунктам Пілігрымкі быў горад Полацак, куды пілігрымы прыйшлі ў суботу 11 ліпеня пад вечар і дзе ў саборы Сьвятой Сафіі маглі паслухаць канцэрт духоўных песьняў у выкананьні міжпарафіяльнага хора “Прасфара”.
Увечары ў суботу у храме сьв. Параскевы Полацкай была адслужаная Вячэрня з Ліцьцёй і асьвячэньнем хлебаў. На Вячэрні сьпяваў таксама хор “Прасфара” з Менску.
Нядзеля – 12 ліпеня – была ў Полацкай грэка-каталіцкай парафіі днем сьвята. Сьвятаваўся Ўспамін сьвятых мучанікаў Барыса і Глеба. Гэта быў таксама Дзень малітвы за Бацькаўшчыну.
Боскую Літургію, што была адслужаная ля храму сьв. Параскевы Полацкай, узначаліў Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек) у саслужэньні сьвятароў з розных парафіяў БГКЦ, у тым ліку протапрэзьбітараў Цэнтральна-заходняга і Усходняга дэканатаў - а. Андрэя Абламейка і а. Зьміцера Грышана.
А пасьля Боскай Літургіі вернікі мелі магчымасьць ушанаваць часьцінку дрэва Пачэснага Крыжа Гасподняга
У сьвяточнай Літургіі ўдзельнічалі вернікі Полацкай парафіі, госьці з Расеі, Украіны, Італіі, Бельгіі, Польшчы, а таксама пілігрымы з розных парафіяў БГКЦ, у тым ліку скаўты з нашай парафіі Праведнага Язэпа.

У братэрскай атмасфэры шчыра і ўрачыста гучала літургічная малітва:

За Богам сьцеражоную краіну нашу Беларусь
і ўвесь беларускі народ,
За стойкасьць у веры, мужнасьць у выпрабаваньнях
і вернасьць свайму народу ўсіх нас Госпаду Прмолімся”
- Госпадзе , зьмілуйся.








All the contents on this site are copyrighted ©.