Згодна з Агульным намерам Сьвяцейшага Айца мы молімся ў ліпені, каб хрысьціяне на
Блізкім Усходзе маглі жыць сваёю вераю ў паўнаце свабоды ды быць прыладаю прымірэньня
і міру. Гэтая справа вельмі ляжыць на сэрцы Бэнэдыкту 16, часта вяртаецца ў яго
высказваньнях. У 2006-м годзе Папа накіраваў да католікаў Блізкага Усходу спэцыяльнае
каляднае пасланьне. У ім зьвяртае ўвагу, што жывуць яны у грамадзтвах, дзе большасьць
становяць вызнаўцы іншых рэлігій. Адначасна іхнія краіны перажываюць сур”ёзныя цяжкасці,
спалучаныя з напружаньнямі і насільлем, якое нішчыць. “Штодзённыя весткі, якія надыходзяць
з Блізкага Усходу паказваюць на павялічэньне драматычнай сітуацыі, часта амаль без
выхаду”- сьцярджае Бэнэдыкт 16 у лісьце да тамашніх католікаў. Мінула ўжо два з паловаю
гадоў ад напісаньня гэтых словаў, але надалей зьберагаюць яны сваю актуальнасьць. Папа
заахвочвае, каб не замыкацца ў нянавісьці і жаданьні помсты за зазнаныя крыўды, таму
што не можна тады даць спэцыяфічнага хрысьціянскага ўкладу ў развязку праблемаў.
Неабходным ёсьць зразумець цярпеньні, якія зазнаюць іншыя ды цярплівы дыялог з імі.
Сьвяцейшы Айцец запэўнівае католікаў гэтага рэгіёну аб сваёй блізкасьці і салідарнасьці.
Прыпамінае, што мясцовыя Касьцёлы з цэлага сьвету суправаджаюць малітваю і міласэрнаю
дапамогаю сваіх братоў з Блізкага Усходу. “Прычынаю суцяшэньня і надзеі,- піша Бэнэдыкт
16.- ёсьць для мяне сьвядомасьць, што хрысьціянскія супольнасьці Блізкага Усходу,
якіх цярпеньні я вельмі добра ведаю, ёсьць жывыя і актыўныя. Рашуча, цераз сваю спэцыфічную
тоеснасьць, даюць яны сьведчаньне веры ў акружаючых іх грамадзтвах. Жадаюць ўзносіць
канстуктыўны уклад у залагоджаньне патрэб паасобных грамадзтваў ды цэлага рэгіёну”.
Католікам Блізкага Усходу, якія жывуць часта ў цяжкіх сітуацыях, Папа прыпамінае,
што прынятае з любоў”ю цярпеньне дае вялікую духоўную сілу.
Сьвяцейшы Айцец
даручае на месяц ліпень таксама місійны намер. Мы маем маліцца, каб Касьцёл быў зародкам
і сэрцам прыміранага чалавецтва, якое творыць адзіную Божую Сям”ю, дзякуючы сьведчаньню
ўсіх вернікаў на цэлым сьвеце. Гэтую тэму Папа крануў, між іншым, у часе сустрэчы
з моладдзю Бразыліі ў часе свайго падарожжа да гэтае краіны два гады таму назад.
10-га мая 2007-га году Бэнэдыкт 16 заахвочваў маладых жыхароў Бразыліі, каб намагаліся
асьвячаць сваю працу, выконваючы яе кампэтэнтна і сумленна, а цераз гэта прычыняліся
да “поступу ўсіх і да асьвячаньня сьвятлом Слова ўсялякую дзейнасьць чалавека”.
Паклікаў, каб тварылі грамадзтва больш справядлівае і братэрскае, не падвяргаючыся
нянавісьці і насільлю. Указываў. што трэба даваць прыклад хрысьціянскіх паводзінаў
ў прафэсыйным і грамадзкім асяродзі, вылучаючыся сумленнасьцю ў міжчалавечых ды прафэсійных
адносінах . “Існуе – гаворыць Сьвяцейшы Айцец- вялікая прастора дзеяньняў, якія маюць
асаблівы ўплыў на сацыяльныя, эканамічныя і палітычныя пытаньні, на сколькі крыніцаю
натхненьня для іх ёсьць Эвангэльле і сацыяльнае навучаньне Касьцёла”. Сярод гэтых
дзеяньняў Бэнэдыкт 16 пералічыў ў першую чаргу “пабудову грамадзтва больш справядлівага
і салідарнага, якое ўнутрана прыміранае і жыве ў міры”. Сьвяцейшы Айцец падкрэсьліў
неабходнасьць “імкненьня да ўстрыманьня насільля”. Успомніў затым “ініцыятывы ў карысьць
аховы дэмакратычнага ладу і супольнага дабра, асабліва тыя, якія накіроўваюцца да
адстараненьня дыскрымінацыі і да ўзаемнага ўзбагачаньня ўсіх”.