2009-07-02 12:37:31

Сьвятая Зямля: кардынал Каспэр на шляху Сьвятога Апостала Паўла


Заканчэньне сьвяткаваньняў Году Сьвятога Паўла ахапіла сваёю праграмаю не толькі Ерусалім, але таксама Галілею, дзе пражывае найбольшая хрысьціянская грамадзкасьць Сьвятой Зямлі. Сьлядамі Апостала Народаў пілігрымаваў 30-га чэрвеня кардынал Вальтэр Каспэр. Старшыня Папскае Рады да спраў Падтрымліваньня Адзінства Хрысьціян прыбыў да Прыморскай Цэзарэі, дзе Апостал Павал быў вязьнены і адкуль пачаў сваё апошняе місійнае падарожжа закончанае мучаніцкаю сьмерцю ў Рыме. У руінах гэрадыяньска-рымскага горада кардынал Каспэр адслужыў Сьвятую Імшу.
Апошнім пункам праграмы была пілігрымка да Акко і набажэнства слова. Пры заходняй браме Старога Гораду ватыканскага дастойніка прывіталі прадстаўнікі хрысьціянскіх супольнасьцей з Галілеі ды ўлады гораду. Працэсыя з іконаю Сьвятога Паўла прайшла вуліцамі гораду і затрымалася ў трох Касьцёлах: мараніцкім, мэльхіцкім ды рымска-каталіцкім. Літургія Слова закончылася пры францішканскім Санктуарыі Сьвятога Яна.
У казаньні кардынал Каспэр спаслаўся да апошняга этапу місійнае дзейнасьці Сьвятога Паўла ды ягонага зьняволяньня. Паводле Апостальскіх Дзеяньняў- сказаў ён- мы можам вызначыць гістарычныя этапы гэтага апошняга знаходжаньня Паўла ў Палестыне. Імі ёсьць па-чарзе: партовы горад Акко, званы тады Птолемайдаю, Прыморская Цэзарэя ды Ерусалім, адкуль Апостал Народаў ужо як вязень вяртаецца да Цэзарэі, затрымліваючыся на начлег у крэпасьці Антіпатрыс.








All the contents on this site are copyrighted ©.