2009-07-01 14:05:45

Адбудаваная Царква Сьвятога Духа стане філярмоніяй


Група сьвецкіх уніятаў атрымала адмоўны адказ ад менскіх уладаў на просьбу дазволіць грэка-каталікам аднавіць зруйнаваную ў 30-х гадох царкву Сьвятога Духа. Царква была пабудаваная ў 1598 годзе мітрапалітам Міхаілам Рагозам і з самага пачатку належала ўніятам.


У адказе ўладаў паведамляецца, што вяртаньне будынку вернікам не магчымае. Будынак мае быць адбудаваны па ўзору царквы Сьвятога Духа, але ў ім плянуецца адкрыцьцё дзіцячай філярмоніі. „Прыняцьцё такога рашэньня спрыяе адраджэньню поўнага градабудаўнічага ансамблю галоўнай гістарычнай плошчы Менска – плошчы Свабоды,” – чытаем у лісьце.

Сьвецкія каталікі не задаволеныя адказам уладаў. Яны схільныя меркаваць, што грэка-каталіцкая супольнасьць Менску й усёй Беларусі дыскрымінуецца.
Царква менскім грэка-каталікам сапраўды прыдалася б. На чатыры парафіі фактычна ёсьць толькі адно месца, дзе ўлады дазволілі ўніятам маліцца – гэта капліца ў цэнтры Сьвятога Язэпа па вуліцы Арджанікідзэ. Менскія ўлады далі дазвол перад візытам дзяржаскаратара Ватыкану кардынала Тарчызыё Бэртонэ ў мінулым годзе. Грэка-каталікі маюць яшчэ адно падрыхтаванае месца на малітоўныя сустрэчы ў памяшканьні на завулку Сьнежны. Аднак улады не сьпяшаюцца даваць дазвол.








All the contents on this site are copyrighted ©.