У Пленарным пасяджэнні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, якое прайшло 25
чэрвеня 2009 года ў памяшканні Сакратарыяту ККББ у Мінску па вул. Кальцова, 153, прынялі
ўдзел усе члены ККББ. Прысутнічалі таксама Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп
Марцін Відавіч, сакратар Апостальскай Нунцыятуры ў Беларусі кс. прэлат Крыспін Вітальд
Дубель, Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў у Беларусі кс. архімандрыт Ян Сяргей
Гаек МІС.
У сувязі з заканчэннем тэрміну паўнамоцтваў Старшыні, Віцэ-старшыні
і Генеральнага сакратара ККББ на пачатку пасяджэння былі праведзены выбары на гэтыя
пасады. Тайным галасаваннем было выбрана кіраўніцтва Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў
у Беларусі ў папярэднім складзе тэрмінам на наступныя 3 гады, згодна са статутам ККББ.
Старшынём ККББ на новы тэрмін абраны Яго Эксцэленцыя Аляксандр Кашкевіч, біскуп Гродзенскі,
Віцэ-старшынём — Яго Эксцэленцыя Уладзіслаў Блін, біскуп Віцебскі, Генеральным сакратаром
— Яго Эксцэленцыя Антоні Дзям’янка, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Канферэнцыя
Біскупаў чарговы раз выказалася аб тым, што пераклад літургічных тэкстаў павінен адпавядаць
нарматывам, пададзеным у інструкцыі Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў
Liturgiam authenthicam, а менавіта: пераклад літургічных тэкстаў рымскай Літургіі
павінен рабіцца з лацінскай мовы і быць не столькі мастацкім творам, колькі дакладнай
перадачай на нацыянальных мовах арыгінальных тэкстаў. Зробленыя пераклады літургічных
тэкстаў на беларускую мову прызнаныя адпаведнымі гэтым патрабаванням.
Мітрапаліт
Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч паведаміў прысутным аб набажэнствах,
запланаваных падчас урачыстасці Маці Божай Будслаўскай, якія пройдуць 1–2 ліпеня ў
Нацыянальным санктуарыі ў Будславе.
Сабраныя абмеркавалі пытанні, звязаныя
з падрыхтоўкай біскупаў да візіту Ad limina Apostolorum, які прызначаны на
снежань бягучага года.
У сувязі з Годам святарства сабраныя ўхвалілі ініцыятыву
правядзення сустрэчы святароў і кансэкраваных асобаў з усёй Беларусі, якая адбудзецца
ва ўспамін апекуна святароў святога Яна Марыі Віянэя 4 жніўня ў касцёле святых Сымона
і Алены ў Мінску.
Былі таксама абмеркаваны некаторыя іншыя справы, актуальныя
для Каталіцкага Касцёла ў нашай краіне.