2009-06-19 13:20:12

Сьвятарства гэта любоў Ісусавага Сэрца. Пісьмо Папы Бэнэдыкта 16 на "Год Сьвятарства".


Сьвяткаваньні Году Сьвятарства маюць прычыніцца да ўнутранага аднаўленьня ўсіх сьвятароў, каб іхняе сьведчаньне ў сучасным сьвеце было больш выразным. Аб гэтым прыпамінае Бэнэдыкт 16 у апублікаваным у чацьвер 18-га чэрвеня ў Ватыкане Пасланьні на пачатак Году Сьвятарства. Ён пачаўся ў пятніцу 19-га чэрвеня і будзе працягвацца да ўрачыстасьці Найсьвятога Сэрца Госпада Ісуса ў наступным 2010-м годзе. Год Сьвятарства спалучаецца таксама са 150-ю гадавінаю сьмерці Сьвятога Яна Марыі Вянэя. Бэнэдыкт 16 паказвае Пробашча з Арс як прыклад для сьвятароў і заахвочвае да насьледаваньня яго душпастырскіх мэтадаў.
Сьвятары зьяўляюцца дарам для Касьцёла і для чалавецтва- заўважвае Папа. Прыпамінае ахвяру і гераічную паслугу многіх сьвятароў, якія часта крывёю пачаталі вернасьць пакліканьню. Бэнэдыкт 16 прапануе, каб аб іх памятаць таксама ў сітуацыях антысьведчаньня, калі Касьцёл мусіць цярпець з огляду на нявернасьць некаторых сваіх слугаў. Як істотны пункт аднясеньня ўказвае на Сьвятога Яна Марыю Вянэя ды прыкметы, якія зрабілі яго сьвятаром паводле Божага Сэрца.
Пробашч з Арс быў перад усім пакорным, проста “прыгнечаным неабмежаваным пачуцьцём адказнасьці”. Намагаўся ідэнтыфікавацца з даручанаю яму паслугаю- падкрэсьлівае Папа. Разнародныя душпастырскія ініцыятывы уздымаў у супрацоўніцтве са сьвецкімі асобамі, да якіх прамаўляў сьведчаньнем жыцьця. Проста ўлюблены ў Эўхарыстыю меркаваў, што ад Сьвятой Імшы залежыць ўся руплівасьць сьвятарскага жыцьця. Адсюль чэрпаў сілу для паслугі ў спавядальніцы, дзе праводзіў нават і 16-ць гадзін дзённа. Быў вельмі паважаным спаведнікам, таму што ахоплены пачуцьцём збаўленьня душаў паказваў людзям Божую Міласэрнасьць. Важным памерам ягонага жыцьця была пры гэтым яго асабістая аскеза а ў жыцьці прытрымліваўся эвангэльскіх парад.
Папа далей прыпамінае перакананьне Сьвятога Яна Марыі Вянэя, што “няма двух добрых спосабаў служэньня Богу. Ёсьць толькі адзін адзінны: служыць Яму так, як Ён хоча, каб Яму служылі”. Адначасна Бэнэдыкт 16 жадае сьвятарам, “каб здолелі зразумець новую вясну, якую Дух Сьвяты разбуджае ў нашых днях у Касьцёле (....) цераз новыя касьцельныя рухі і новыя супольнасьці”. Сьвяцейшы Айцец падкрэсьлівае абшчынную форму сьвятарскае паслугі, якая ажыцьцяўляецца ў еднасьці з уласным біскупам ды у братэрскай сувязі паміж сьвятарамі. “Хрыстос на вас разлічвае. Ідучы за прыкладам Сьвятога Пробашча з Арс, дазвольце сябе, каб Ён вас здабыў і станецеся таксама і вы ў сучасным сьвеце пасланцамі надзеі, прымірэньня і міру”- заканчывае сваё Пасланьне на Год Сьвятарства Папа Бэнэдыкт 16.








All the contents on this site are copyrighted ©.