16 чэрвеня 2009 г. наведваннем Аквілы (Італія), што пацярпела ад землятрусу 6 красавіка
гг., у Рыме распачаўся двухдзённы форум асноўных рэлігій свету. Форум прымеркаваны
да сустрэчы прадстаўнікоў краін «вялікай васьмёркі», якая будзе праходзіць з 8 па
10 ліпеня 2009 г. у Аквіле. Міжрэлігійны форум адбыўся пад дэвізам «Духоўныя крыніцы
супольнага дабра». У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі хрысціянскіх Цэркваў, іудаізму,
ісламу, будызму, індуізму і іншых рэлігій. У першы дзень форуму, працу якога ўзначаліў
Патрыярх Эфіопскай Царквы Абуна Паўлас, з прамовай выступіў старшыня Папскай рады
па міжрэлігійным дыялогу кардынал Жан-Луі Таран, заснавальнік рымскай каталіцкай супольнасці
святога Эгідзія прафесар Андрэа Рыккардзі і інш. У другі дзень форуму пасяджэннем
кіраваў біскуп Вінчэнцо Палья, старшыня Камісіі па экуменізму і дыялогу Канферэнцыі
Біскупаў Італіі. На пасяджэнні разглядаліся этычныя аспекты такіх пытанняў як эканамічны
крызіс, недахоп вады, кантроль за бяспекай прадуктаў харчавання, служба здароўя, адукацыя
— асабліва ў дачыненні да краін Афрыкі.