Беларускую мову на ЦТ будуць здаваць 65-ць тысяч абітурыентаў
Як паведаміў дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Мікалай Фяськоў,
у апошні дзень рэгістрацыі на ЦТ ажыятажу ў пунктах рэгістрацыі не назіралася. Усяго
ў гэтым годзе ахвотных прайсці цэнтралізаванае тэставанне налічваецца больш за 175
тысяч чалавек, а колькасць выдадзеных пропускаў перавысіла 481 тысячу. Летась,
нагадаем, колькасць удзельнікаў тэставання была каля 176 тысяч. З улікам павелічэння
колькасці выпускнікоў агульнай сярэдняй школы на 9 працэнтаў у Міністэрстве адукацыі
меркавалі, што і колькасць удзельнікаў цэнтралізаванага тэставання можа дасягнуць
у гэтым годзе 200 тысяч чалавек, аднак, як відаць, гэтыя прагнозы не спраўдзіліся.
Можна меркаваць, што не ўсе выпускнікі звязваюць сваю будучыню з атрыманнем вышэйшай
адукацыі, бо ў процілеглым выпадку ім давялося б у абавязковым парадку здаваць цэнтралізаваныя
іспыты. А магчыма, што хтосьці вырашыў адкласці «штурм» ВНУ на больш позні час і перад
гэтым «узброіцца» рабочай прафесіяй. Самай масавай дысцыплінай ЦТ, як і ў папярэднія
гады, стала матэматыка, куды зарэгістравалася каля 116 тысяч чалавек (летась было
больш як 110 тысяч). Другой па масавасці дысцыплінай стала руская мова, куды зарэгістравалася
каля 110 тысяч абітурыентаў. А вось беларускую мову пажадалі здаваць на цэнтралізаваным
тэставанні толькі крыху больш за 65 тысяч абітурыентаў. Хоць яшчэ некалькі гадоў таму
і на беларускую, і на рускую мову рэгістравалася прыкладна аднолькавая колькасць маладых
людзей. А былі часы, калі беларуская мова была нават больш папулярнай у абітурыентаў
на ЦТ, чым руская. На цэнтралізаванае тэставанне па фізіцы было выдадзена крыху
больш за 52 тысячы пропускаў, на біялогію — 33 тысячы, хімію — каля 19,7 тысячы. На
замежныя мовы зарэгістравалася прыблізна 40 тысяч чалавек, на гісторыю Беларусі —
больш як 26 тысяч, геаграфію — 2,5 тысячы, грамадазнаўства — 12,5 тысячы, сусветную
гісторыю — 2,4 тысячы. Мікалай Фяськоў падкрэсліў, што дакладная
колькасць удзельнікаў тэставання па ўсіх прадметах стане вядомай пасля праверкі ўсіх
лістоў рэгістрацыі і выяўлення так званых «двайнікоў» — абітурыентаў, якія зарэгістраваліся
больш чым на тры прадметы. На жаль, такіх хітруноў кожны год набіраецца дзе‑тры сотні.
Нагадаем, што цэнтралізаванае тэставанне стартуе ў гэтым годзе на некалькі дзён пазней,
што звязана з падаўжэннем у школах навучальнага года. І першымі 15 чэрвеня ў пункты
правядзення ЦТ прыйдуць абітурыенты, якія пажадалі здаваць на ЦТ беларускую мову.