2009-06-09 14:26:44

Менск: кардынал Барбарэн атрымаў тытул "Doctor honoris causa" Інстытута тэалогіі БДУ


8 чэрвеня 2009 г. у межах візіту кардынала Філіпа Барбарэна, арцыбіскупа Ліона (Францыя), які прыбыў у Мінск па запрашэнні Мітрапаліта Філарэта, у Інстытуце тэалогіі Беларускага дзяржаўнага універсітэта адбылося ўручэнне кардыналу Барбарэну тытула Doctor honoris causa Інстытута тэалогіі БДУ.


Перад цырымоніяй уручэння кардынала Барбарэн сустрэўся з журналістамі. На пытанне, як ён ацэньвае адносіны паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой у Беларусі, французскі кардынал узгадаў словы Мітрапаліта Філарэта: «Мы складаем адну сям’ю. Нельга забываць, што вера адна».


«Некалькі гадоў таму я меў вялікі гонар прымаць Мітрапаліта Філарэта ў Ліоне, — працягваў кардынал Барбарэн, — і сёння я бачу, з якой гасціннасцю ён прымае нас. Адразу пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі аднаго нашага святара арцыбіскуп Ліонскі прызначыў адказным за рускіх эмігрантаў. (...) Ён лічыцца заснавальнікам малітвы за адзінства ўсіх хрысціянаў. (...) Падчас Другой сусветнай вайны некалькі ліонскіх айцоў езуітаў заснавалі выдавецтва „Sources Chretiennes“ („Вытокі хрысціянства“). Некалькі гадоў таму сённяшні Патрыярх Кірыл, які ў той час быў Мітрапалітам Смаленскім, прабываў у Ліоне, каб стварыць рускую секцыю гэтага выдавецтва».


Французскі іерарх падкрэсліў, што праз такія сустрэчы і візіты праяўляецца супольнае імкненне Цэркваў да адзінства хрысціянаў. «Учора я сустракаўся з Мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам, сёння — з Мітрапалітам Філарэтам, і да іх абодвух я звярнуўся з адной і той жа прапановай, каб студэнты прыязджалі вучыцца да нас у Ліон. Іерархі вельмі адкрыта ўспрынялі гэтую прапанову. Усе мы вельмі заклапочаны пытаннем адзінства хрысціянаў», — падкрэсліў кардынал Барбарэн.


Рашэнне рады Інстытута тэалогіі БДУ аб прысуджэнні тытула Doctor honoris causa кардыналу Філіпу Барбарэну за выдатны ўклад у развіццё багаслоўскай адукацыі і ўмацаванне міжхрысціянскага і міжрэлігійнага супрацоўніцтва абвясціў протаіерэй Уладзімір Башкіраў, загадчык кафедры філасофскай хрысціянскай антрапалогіі Інстытута тэалогіі БДУ.
Паводле Cftholic.by








All the contents on this site are copyrighted ©.