2009-06-01 13:56:13

Сьвяты Дух душою Касьцёла,- разважаньне Папы ў часе адгаварэньня Багародзічнае малітвы "Каралева Неба" ў нядзелю 31-га мая


Урачыстасьць Сасланьня Сьвятога Духа ды вынікі і выклікі, што спалучаныя з прысутнасьцю Трэцяе Божае Асобы ў жыцьці вернікаў былі прадметам разважаньня Папы перад гэтаю марыйнаю малітваю. Бэнэдыкт 16 сказаў, што гістарычныя здарэньні з ерусалімскага Вячэрніка ўчынілі з вучняў Хрыста сапраўдную місійную супольнасьць.
Голас
Сьвяты Дух ёсьць душою Касьцёла. Чым ён стаўся б без Яго?. Быў-бы безумоўна вялікім гістарычным рухам, трывалаю грамадзкаю ўстановаю, магчыма свайго роду гуманітарным агенцтвам. І такім сапраўды бывае Касьцёл у вачах тых, якія глядзяць на яго з-за пэрспэктываў веры.- сказаў Папа. У сапраўднасьці аднак Касьцёл у сваёй сапраўднай натуры і найбольш сапраўдных гістарычных праяўленьнях ёсьць ствараны і ведзены Духам свайго Госпада. Гэта жывое цела, якога жывучасьць ёсьць менавіта нябачным плодам Божага Духа”.
На заканчэньне Сьвяцейшы Айцец выказаў салідарнасьць з італьянскім рэгіёнам Абруццо, які паволі падносіцца з трагічных вынікаў нядаўняга землятрасеньня. Тамашняя моладзь у гэтых днях зьбіраецца навокал копіі крыжа Сусьветных Дзён Моладзі. Папа памаліўся за іх, каб атрымалі Духа ўзмацаваньня і надзеі. Бачным знакам гэтага была прысутнасьць на Плошчы Сьвятога Пятра групы дзяцей з ваколіц Аквільля, якія нядаўна прынялі Першае Сьвятое Прычасьце. Яны поўнае ўдзельнічаньне ў Эўхарыстыі сьвяткавалі пад палаткамі, якія заступалі Касьцёл.
Зьвяртаючыся да польскіх пілігрымаў Папа сказаў:
Голас (2)
Сардэчна вітаю суродзічаў Слугі Божага Яна Паўла ІІ. Гэта ён, 30-ць гадоў таму назад сказаў у Варшаве: “Хай зыйдзе Дух Твой і адновіць аблічча зямлі. Гэтай Зямлі”. Мы ёсьць сьведкамі зьменаў, што ажыцьцяўляюцца ў сьвеце. Аднаўленьне аблічча зямлі ёсьць немагчымае без пераменаў чалавечых сэрцаў. Дзеля гэтага ўпрошваю: хай зыйдзе Дух Твой і адновіць нашыя сэрцы ў Хрысьце”.








All the contents on this site are copyrighted ©.