2009-05-22 14:04:23

"Палымяны сьвятар і патрыёт". У 30-я ўгодкі сьмерці беларускага каталіцкага сьвятара а. Пятра Татарыновіча


Маладога сьвятара накіравалі на працу ў Пінск, “сталіцу Палесься”, дзе ён, як малады вікары, дапамагаў адбудоўваць “зруйнаванае вайной і рэвалюцыяй жыцьцё”. Адным з галоўных заданьняў ксяндза Пятра стала дапамога рэктару семінарыі кс. Ф.Абрантовічу ў працы па рэстаўрацыі спаленага храму і кляштару ў Пінску, якія потым пераўтварыліся ў катэдру ды будынак семінарыі. Разам з гэтым кс. Пётр мусіў займацца арганізацыяй працы з моладдзю, абслугоўваньнем суседніх вакантных парафіяў і шматлікімі іншымі заданьнямі. Магчыма, менавіта ў Пінску пачалося знаёмства і нават больш, сяброўства кс. Пятра з кс. Казімірам Кулаком, адным з арганізатараў пазьнейшых унійных канфэрэнцыяў у Пінску, з якім ён ліставаўся амаль да сьмерці.


У 1922 г., пэўна, ацаніўшы руплівыя здольнасьці маладога сьвятара, кс. Пятра Татарыновіча выклікаюць у Наваградак, дзе тады часова мясьцілася рэзідэнцыя біскупа Лазінскага, на даручэньне ягога ён амаль тры гады выкладае ў ніжэйшай духоўнай семінарыі, падставовых школах, выконвае пэўныя абавязкі ў дыяцэзіяльным судзе і пры мясцовым дэкане. У 1924-ым ён трапляе ў Баранавічы, дзе ізноў прызначаны для працы з моладдзю: будуе сьпецыяльную капліцу для школьнай моладзі і зьяўляецца прэфектам школаў. У Баранавічах асабліва моцна праяўляецца беларускасьць кс. Пятра (вядома, што казаньні па-беларуску ён пачаў гаварыць яшчэ як клерык і субдыякан у 1918-ым, у родных Мядзьведзічах – Рэд.), якая хутчэй за ўсё выяўлялася ў ягонай беларускамоўнасьці, і на гэта адразу зьяўляецца рэакцыя ворагаў беларушчыны. Словы школьнага інсьпектара Гульбіна (а ў іх – уся эпоха!), як і яго імя, гісторыя захавала для нас: “Як прэфэкт – узорны, але як беларус – шкодны”. Тады гэта гучала як вырак! І, хоць біскуп З.Лазінскі вызнаў невінаватасьць кс. Пятра, мусіў ён усё ж амаль на год выехаць для працы ў маленькую мазурскую вёску “на высланьне”.
У 1927 г. адбываецца падзея, дзякуючы якой аўтар гэтага артыкулу і зацікавіўся ў свой час асобай кс. Пятра Татарыновіча і пачаў дасьледаваць яго жыцьцё. У тым годзе біскуп Лазінскі вяртае кс. Пятра ў родны край, але даручае яму даволі няпростае заданьне – парафію ў мястэчку Дамачава Берасьцейскага дэканату, якая ўжо 6 месяцаў ня мела сьвятара, бо, як пісаў пазьней кс. Пётра, “парафіяне чынна выгналі майго папярэдніка”. “За ласкай Божай і сапраўды цудоўнай помаччу сьв. Антонія, патрона гэтай парафіі,– узгадваў кс. Пётр Татарыновіч,– удалося за пяць год (1927-32) цяжкае, падкапаўшае маё здароўе, працы зьмяніць маіх каханых “разбойнікаў” у дзейных і ахвярных каталікоў. […] Аднавіўшы касьцёл (тры новыя аўтары) і плебанію, мы, сьціплая меншына вызнанёвая патрапілі сканцэнтраваць ля касьцёла культурнае жыцьцё тае мясьціны, выконваючы будову прыгожага Каталіцкага Дому Людовага, які разьвязаў тамашнія фатальныя труднасьці локалёвыя. Калі пасьля двух гадоў гэты дом згарэў, на ягоным месцы хутка вырас другі, удвая большы і прыгажэйшы, і мястэчка magna cum pompa [з вялікай помпай] магло прыймаць у ім візітуючага тады правінцыю дзяржаўнага Прэзідэнта, а пасьля Кс. Бп. З. Лазінскага”.


І менавіта з часоў працы ў Дамачаве біскуп Лазінскі часта скіроўвае кс. Пятра Татарыновіча як таленавітага прапаведніка на ўніяцкія пляцоўкі на Палесьсі для дапамогі мясцовым сьвятарам. Дамачаўскія парафіяне зьбіралі грошы і такім чынам матэрыяльна паставілі на ногі ўніяцкую парафію ў Далятычах на Наваградчыне. Але кс. Пятру і гэтага было мала: у гэты час ён распачынае актыўную літаратурную дзейнасьць, якой ня спыніў да апошняга моманту. Акрамя артыкулаў у розных беларускіх каталіцкіх і ўніяцкіх часопісах, ён піша і друкуе ў Вільні некалькі невялічкіх рэлігійных брашурак: у 1928 годзе – “Сьвяты Ізыдар Хлебароб”, у 1930 – “Купальле”. На фотаздымках таго часу можна пабачыць маладога, высокага і зграбнага сьвятара, з чорнымі валасамі і такімі ж чорнымі бровамі, з-пад якіх на суразмоўцу глядзелі сур’ёзныя вочы. Сёньня ў Дамачаве не засталося ўжо яго парафіянаў (большасьць выехала пасьля вайны ў Польшчу, рэшта – памерла), але як памяткі пра кс. П.Татарыновіча ў мястэчку засталіся яго справы: адноўлены касьцёл, мясцовы клуб – колішні Каталіцкі народны дом, і ці не адзіны ў рэгіёне перадваенны помнік паўстанцам 1863 г. на касьцельным падворку.
Пасьля пяці гадоў актыўнай стваральнай працы ў Дамачаве, у 1932 г. ксёндз Пётра становіцца пробашчам у Століне, дзе, паводле яго словаў, сітуацыя выглядала не на шмат лепш, чым у Дамачава да яго прыезду: «Трудная была праца на гэтым прыгранічным разлеглым тэрэне, будучым у частых выпадках азылям [месцам уцёкаў] для ўсякага роду банкрутаў і афэрыстаў. Парафія складалася з разсваранага элемэнту наплывовага: войска, паліцыі, урадаўцаў, настаўніцтва і асадніцтва, якога месны праваслаўны і каталіцкі элемент паляшуцкі ды земянскі не любіў». Таксама ксяндзу Пятру Татарыновічу была даручаная праца дапамагаць мясцовым уніяцкім парафіям: у Альпені, у Гарадной, на Мярлінскіх хутарах і Колках. І гэтае заданьне кс. Татарыновіч выканаў выдатна. Атрымаўшы дапамогу ад князя Радзівіла, які жыў у сваім палацы ў столінскім прадмесьці Манькавічы, і ягонай адміністрацыі, ён арганізоўвае найперш Карытас, потым – іншыя царкоўныя арганізацыі: суполку жывога Ружанца, “Каталіцкую моладзь” і інш. Рэкалекцыі, імпрэзы, рэлігійныя працэсіі на сьвяты – усё гэта арганізоўваў і наладжваў кс. Пётр на Століншчыне.
Гэтак працягвалася да 1939-га, калі сітуацыя кардынальна зьмянілася з прыходам Саветаў. Кс. Пётр Татарыновіч, які быў ужо скіраваны на іншую парафію ў Перлееве на Беласточчыне, апынуўся пад хатнім арыштам і пад пагрозай дэпартацыі. У выніку – ён выязджае на эміграцыю, дзе і застаецца да сьмерці. Атрымаўшы ў 1939 г. у Варшаве новы пашпарт, ён некаторы час застаецца там, дзе служыць для беларусаў-каталікоў багаслужбы ў касьцёле сьв. Марціна, а потым у царкве айцоў базыльянаў, выкладае рэлігію ў беларускай школе.
«У 1944 г.,– пісаў пра яго біскуп Чэслаў Сіповіч,– перад выбухам варшаўскага паўстаньня большасьць беларусаў выехалі са сталіцы, а зь імі і кс. Татарыновіч. Адведаў ён Вільню, быў на 2-гім Кангрэсе ў Менску і прамаўляў на ім». Потым, на пачатку 1945-га ён трапляе ў Нямеччыну. Затым працаваў нейкі час місійным сьвятаром у дыяцэзіях Роттэнбург і Брэслаў (Уроцлаў), бываў у Айхштэце ў Баварыі, дзе нават шукаў магчымасьці застацца працаваць даўжэй, але напрыканцы 1945 г. кс. Пётр прыязджае ў Рым, дзе і застаецца на ўсе 33 гады, якія яму давялося яшчэ пражыць.
Ня кожны чалавек сталага веку, а кс. Пётра меў тады ўжо 49 гадоў (і да таго ж быў хворы на сухоты), трапляючы на эміграцыю вырашыць ня проста “дажываць свой век ціхенька”, але адразу ж распачаць навучаньне. Ксёндз Пётра змог ня толькі распачаць навуку ў Папскім Інстытуце ўсходніх навук, але і скончыць яго з добрымі адзнакамі і навуковай ступеньню доктара багаслоўя. Тэмай, якую ён абраў для свайго дасьледаваньня, была постаць сьв. Кірылы Тураўскага.
Не пасьпеўшы адпачыць пасьля навукі, кс. Пётр распачынае дзьве найбольшыя справы свайго эміграцыйнага жыцьця: арганізоўвае і выпускае першы нумар беларускамоўнага часопіса “Зьніч” (на лацініцы) ды распачынае беларускамоўныя праграмы на радыё Ватыкан. «“Зьніч” – гэта незвычайная зьява ў гісторыі беларускага друкаванага слова!– пісаў у 1978 г. біскуп Чэслаў Сіповіч у Лондане.– І гэта нятолькі, дзеля мейсца свайго нараджэньня, але й дзеля доўгіх гадоў свайго існаваньня (1950-1975), а такжа й дзеля іншых абставінаў. На працягу блізу 25 гадоў адзін і той самы рэдактар і выдавец, той самы аўтар большасьці артыкулаў, ён-жа і мастак і кольпортэр! Хто-ж ня помніць ксяндза Пятра пахіленага над невялікай машынкай, нэрвова-задуманага, прыгатаўляючага артыкулы ў “Зьніч” або наступную радыяперадачу?! Калі яго пыталі, дзе-ж рэдакцыя “Зьніча”? Ён паказываў на свой пісьменны столік і казаў з усьмешкай: тут! тут! Усё тут і рэдактарства і выдавецтва, толькі трэба езьдзіць у друкарню... Італьянцы шмат робяць друкарскіх памылак...»
Апошні, 120-ы нумар “Зьніча”, выйшаў на Каляды 1974-75 г., калі кс. Пятру было ўжо амаль 80 гадоў. І амаль ўсю працу ён вёў сам. Перакладаў, друкаваў, выдаваў, пісаў, агучваў, пісаў шматлікія лісты іншым беларусам-эмігрантам, прымаў у Рыме гасьцей. Шмат ёсьць успамінаў нашых землякоў-беларусаў, пачынаючы з беластоцкіх і заканчваючы амерыканскімі, якія наведвалі Рым і потым у сваіх падарожных нататках распавядалі, які гасьцінны і шчыры быў кс. Пётра, як быў гатовы кожнага сустрэць, пачаставаць, ды падтрымаць, і гэта нягледзячы на тое, што часамі ён быў вельмі цьвёрды і стаяў на сваім, верачы ў сваю праўду. Той самы біскуп Сіповіч узгадваў, што яму баяліся несьці артыкулы, бо ён іх не шкадаваў, але зьмяняў, прычым ня толькі моўна. Усё стане зразумела, калі паспрабаваць зірнуць ягонымі вачыма на сітуацыю, калі ўсе і паўсюль забываліся на беларусаў: літаратуры па-беларуску было катастрафічна мала, а асабліва не хапала рэлігійнае літаратуры: Сьвятога Пісаньня і малітаўнікаў. Кс. Пётр Татарыновіч усімі сіламі імкнуўся выправіць гэта. Спачатку ён перавыдаў у 1949 г. малітаўнік “Голас душы” (на лацініцы), потым – у 1954 г. – была надрукавана Сьвятая Эванэлія і Апостальскія дзеі ў ягоным перакладзе. У 1956 г. ён зрабіў пераклад цудоўнага хрысьціянскага мастацкага твору “Quo Vadis” Генрыка Сянкевіча. У 1974 – заканчваючы сваю працу – а. Пётра друкуе Лісты Сьвятых Апосталаў.
Вядома, можна крытыкаваць, як шмат хто рабіў, моўныя эксьперыменты кс. Пятра. Напрыклад, ён зьяўляўся актыўным змагаром за такія словы, як, напрыклад, “Субожня”, спрабуючы падаць гэты тэрмін беларусам – і каталікам, і праваслаўным – як адзіны і агульны для ўсіх эквівалент словаў “Касьцёл” і “Царква”. Ксёндз Пётр Татарыновіч вёў адмысловую дыскусію і ў сваіх лістах, і на старонках “Зьніча”, абараняючы гэты варыянт. Але дзеля супакою ён саступіў у гэтым пытаньні і ў ягоным перакладзе Евангельля зьяўляецца ўжо слова “Эклезія” замест “Субожні”. У часы, калі тады яшчэ маленькі Пятрок вучыўся роднай мове, яна не была ані кадыфікаванай, ані добра ўпарадкаванай. Няма што зьдзіўляцца, што, правёўшы пасьля свайго “палескага перыяду” амаль усё сваё жыцьцё на чужыне, ягоная мова не набыла рысаў сучаснае афіцыйнае ці неафіцыйнае літаратурнае мовы, чым магла зьдзіўляць тады і можа зьдзіўляць сёньня чытачоў ягоных тэкстаў. Тым ня менш, менавіта дзякуючы кс. Пятру Татарыновічу беларусы ў дыяспары атрымалі магчымасьць ня толькі слухаць ягоныя беларускія рэлігійныя праграмы па радыё, але і маліцца ды чытаць Сьвятое Пісаньне ў роднай мове.
«Праца і адданасьць кс. др. П. Татарыновіча не маглі аставацца незаўважанымі найвышэйшымі Асобамі таго-ж Рыму, дзе з Божай волі ёсьць цэнтр хрысьціянства,– адзначаў біскуп Ч.Сіповіч.– 26 траўня 1961 г. была нададзена яму годнасьць Пралата Яго Сьвятасьці. […] Хутка аднак Пралат Татарыновіч быў назначаны Сябрам Найвышэйшай Рады Для Эміграцыі. […] Пралат Татарыновіч уваходзіў у Раду побач усіх іншых нацыянальнасьцяў і яго абавязкам была апека над беларусамі каталікамі лацінскага абраду расьцярушанымі ва ўсім сьвеце».
І ў гэтыя, апошнія гады працягваў кс. Пётр сваё адданае служэньне Бацькаўшчыне. Ягоныя лісты ляцелі ў розныя краіны сьвету ў пошуках беларусаў і з жаданьнем наладзіць кантакты. Божая дапамога, як і ў часы маладосьці, спрыяла намерам кс. Пятра, але ня так шмат яму ўжо засталося. Выдрукаваўшы ў 1974 г. Лісты Апосталаў і апошні калядны нумар “Зьніча”, ён адыходзіць ад актыўнай дзейнасьці і апошнія тры гады праводзіць у супакоі. Памёр кс. Пётр у нядзелю ўвечары 3 верасня 1978 г. Пахаваны быў на рымскіх могілках Cimitero Montebello, на Прыгожай Гары, бо менавіта так перакладаецца гэтая назва на мову, якую кс. Пётр любіў і захаваў праз усё сваё жыцьцё.
Сьледам за біскупам Сіповічам паўторым: «Ужываючы ягонага слова, закончым гэтыя радкі: пралат доктар Пётр Татарыновіч быў сьвятар наўзорны, паламянай веры, поўны любові Бога і сваіх братоў беларусаў».








All the contents on this site are copyrighted ©.