2009-05-05 14:14:59

Паводле рэйтынгу свабоды слова, Беларусь на 188 месцы са 195 краін


Такія вынікі дасьледаваньня міжнароднай арганізацыі „Freedom Hous” за 2008 год - чытаем на сайце БАЖ.
Свабода слова ў Беларусі паніжаецца. Пазалетась краіна займала 186-е месца.
Беларусь уваходзіць у васьмёрку з самымі нізкімі адзнакамі. У сьпісе за Беларусьсю – Узбэкістан (189), Куба (190), Эрытрэя (191), Лібія (192, Бірма (193, Туркмэністан (194) і Паўночная Карэя (195).
Першае месца ў сьвеце паводле рэйтынгу свабоды слова займае Ісьляндыя, за ёю ідуць Фінляндыя й Нарвэгія. Суседнія зь Беларусьсю: Польшча на 24 месцы, Летува на 18-м, Латвія на 23-м. У гэтых краінах мэдыі прызнаныя свабоднымі, Украіна — на 55-м месцы — у катэгорыі часткова свабодных. Расея, як і Беларусь, мае статус несвабоднай паводле Індэксу свабоды слова й знаходзіцца на 174 месцы.
Адзіныя станоўчыя крокі, якія былі зроблены пры канцы мінулага году — гэта вяртаньне ў сыстэму распаўсюду выданьняў „Народнай волі“ і „Нашай нівы“ і некаторыя пазытыўныя моманты, зьвязаныя з ужываньнем новага закону аб сродках масавай інфармацыі, — лічыць намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец.
Рэдактар інтэрнэт-выданьня «Салідарнасьць» Аляксандар Старыкевіч лічыць за неабходнае скасаваць рэгістрацыю мэдыяў у Беларусі, зрабіць агульнадаступным распаўсюд выданьняў, спыніць эканамічны й адміністратыўны ціск уладаў на мэдыі.








All the contents on this site are copyrighted ©.