2009-05-05 14:15:20

Вільнюс: у рэгіянальнай экумэнічнай сустрэчы прыняла ўдзел моладзь з Беларусі


Восем тысяч маладых еўрапейцаў прынялі ўдзел у трохдзённым этапе «Пілігрымкі даверу на зямлі», які завяршыўся ў нядзелю 3 мая 2009 г. у Вільнюсе. Разам з самымі шматлікімі групамі літоўскай і польскай моладзі ў сустрэчы ўзялі ўдзел амаль паўтысячы маладых людзей з Беларусі.


Арганізатарам сустрэчы выступіла экуменічная супольнасць з Тэзэ (Францыя). Па запрашэнні кардынала Аўдрыса Юозаса Бачкіса, арцыбіскупа Мітрапаліта Віленскага, яна адбылася ў Вільнюсе і стала адным з пунктаў святкавання тысячагоддзя Літвы.


У праграму сустрэчы ўвайшлі такія пытанні як праблема веры, пастава хрысціяніна, а таксама пытанні на сацыяльную тэматыку. Раніцай адбывалася прыняцце пілігрымаў у парафіях Вільнюса: каталіцкіх, праваслаўных і пратэстанцкіх. Былі запланаваны супольныя малітвы, дыскусіі і сустрэчы. У 15.00 у цэнтральных пунктах горада распачыналіся тэматычныя сустрэчы, а ў 19.00 у чатырох касцёлах у цэнтры Вільнюса праходзіла супольная малітва з медытацыяй настаяцеля супольнасці з Тэзэ брата Алоіса.


На распачацце сустрэчы арцыбіскуп Вільнюса кардынал Бачкіс прывітаў моладзь на розных мовах: літоўскай, польскай, беларускай, рускай і англійскай. Дзякуючы гэтаму жэсту, кожны адчуў сябе ў сталіцы Літвы ўтульна і камфортна.


Цэнтрам размоваў і разважанняў у парафіях і групах, а таксама падчас медытацый быў Хрыстус Уваскрослы і сустрэча з Ім. Брат Алоіс падкрэсліў, што ад гэтай сустрэчы ўсё пачынаецца і ўсё можа перамяніцца нанава.


Моладзь вярталася дадому с пасланнем пра тое, што Хрыстус заўсёды застаецца з імі, а перадусім у найбольш складаныя моманты, — яны ніколі не застаюцца адны.










All the contents on this site are copyrighted ©.