2009-04-29 14:29:03

Кардынал Свёнтэк: "за ўсё дзякую Пану Богу"


«Гэта дзень, які даў нам Пан», — гэтымі словамі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч прывітаў усіх прысутных на святой Імшы ў інтэнцыі кардынала Казіміра Свёнтка. 26 красавіка 2009 г. Апостальскі адміністратар Пінскай дыяцэзіі, Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп на пенсіі, кардынал Казімір Свёнтэк з нагоды 70-годдзя свайго святарскага служэння (якое адзначыў 8 красавіка гг.) цэлебраваў дзве святыя Імшы ў архікатэдральным касцёле імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску.
У іх прынялі ўдзел таксама Мітрапаліт Мінска-Магілёўкі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Марцін Відавіч і біскуп Антоні Дзям’янка, а таксама святары і шматлікія вернікі.
У сваёй гаміліі Мітрапаліт Тадэвуш разважаў над таямніцай сакрамэнту святарства, над гэтым вялікім дарам у жыцці святара, біскупа, арцыбіскупа, а цяпер кардынала Казіміра Свёнтка.
«„Іду да алтара Бога, да Бога, які суцяшае маё сэрца“, — гэтымі словамі 70 гадоў таму малады святар Казімір Свёнтэк распачаў сваё святарскае служэнне», — казаў арцыбіскуп Тадэвуш. Як казаў Бэнэдыкт XVI, заданне святара — прывесці чалавека да Бога, арганізаваць сустрэчу з Ім. І, па словах Мітрапаліта, на працягу 70 гадоў кардынал Казімір Свёнтэк мужна выконвае гэта заданне, якое даверыў яму Божы Провід.
«У прэзбітэрыі адной семінарыі знаходзіцца надпіс: „Не вы Мяне выбралі, але Я выбраў вас і прызначыў, каб вы ішлі і прыносілі плён, і каб плён ваш трываў“ (пар. Ян 15, 16). У гэтых словах — сэнс служэння кожнага святара. Пакліканне — гэта дыялог паміж Езусам, Найвышэйшым Святаром, і пакліканым. Ян Павел ІІ называе святарства дарам і таямніцай.
Сапраўды, гэта вялікая таямніца: чаму мяне, чаму не кагосьці іншага. Чаму Казіміра Свёнтка паклікаў Бог? Паклікаў таксама і Апосталаў. Чалавеку складана зразумець, чаму Хрыстус выбіраў сваіх Апосталаў не сярод заможных і адукаваных людзей, а з простых рыбакоў, чаму паклікаў мытніка і чалавека, які пераследваў хрысціянаў.
Так і пакліканне кардынала Казіміра — гэта вялікая Божая таямніца. Юнак Казімір Свёнтэк ніколі не думаў быць святаром: ён хацеў быць філолагам, паступіць у віленскі універсітэт. Аднак падаў дакументы ў пінскую семінарыю», — працягваў арцыбіскуп.
Мітрапаліт адзначыў, што паводле вучэння ІІ Ватыканскага Сабору святар павінен выконваць тры заданні: абвяшчаць Божае слова, асвячаць людзей (цэлебраваць сакрамэнты) і кіраваць людзьмі ў Хрыстовай любові.
«Сапраўды, вера чалавека — ад слухання, але каб пачуць, трэба, каб хтосьці прамовіў. Святар павінен несці людзям Божую праўду, якая перамяніла галілейскіх рыбакоў у Апосталаў. Кардынал Казімір ва ўсіх жыццёвых абставінах з моцай і праз асабістае сведчанне абвяшчаў і абвяшчае Божае слова. Святарства — гэта дар не толькі для пакліканага, але і для ўсёй супольнасці Касцёла. Толькі праз рукі святара мы можам атрымаць сапраўднага Хрыста ў Эўхарыстыі, атрымаць Божую ласку ў іншых сакрамэнтах», — казаў арцыбіскуп.
Як кардынал здолеў выжыць у той час, калі быў неаднаразова асуджаны на смерць, ведае толькі Бог: у гэтым і ёсць Яго план. Сам кардынал адказвае проста: «Так хацеў Бог».
Вяртаючыся ў 1954 г. у Пінск, Казімір Свёнтэк пачуў спевы парафіянаў у касцёле і зразумеў, што ідзе набажэнства. Але не святая Імша, бо не было святара. У сваім лагерным адзенні ён становіцца ў касцёле перад людзьмі і кажа: «Я святар».
З таго часу амаль увесь лёс Казіміра Свёнтка звязаны з Пінскам. Сёння перад намі ён паўстае не толькі як мужны сведка веры, але перш за ўсё, як той, каго паслаў Хрыстус памнажаць свой плён. І ўсе мы, хто сёння стаіць у гэтым касцёле, — плён яго руплівай працы. Бог абраў яго сваім інструментам у напісанні цяжкай гісторыі асабістага жыцця і лёсу нашага народа.
«Ад свайго імя і ад імя ўсіх вернікаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, дзякуючы Вам за служэнне і Ваша сведчанне, хачу пажадаць, каб і надалей Бог благаславіў Вам на доўгія гады! Каб Вы заўсёды заставаліся такім маладым духам і целам, каб надалей служылі Касцёлу на хвалу Бога і для збаўлення людзей!» — пажадаў кардыналу Казіміру Свёнтку Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.
Напрыканцы святой Імшы кардынала павіншавалі таксама і іншыя прысутныя біскупы, вернікі.
Кардынал Казімір Свёнтэк, кажучы пра асаблівасць сваёй святарскай паслугі, узгадаў асноўныя этапы свайго жыцця: смяротныя прысуды і вяртанне да жыцця. Казаў, што нават пасля 70-ці гадоў святарскага служэння не можа сцвярджаць, што цалкам зразумеў таямніцу святарства і паклікання да жыцця ў небе.
«Праз заступніцтва Маці Божай Вастрабрамскай і Слугі Божага Зыгмунта Лазінскага я здолеў выжыць у безднадзейных, з чалавечага пункту гледжання, сітуацыях. За ўсё дзякую Пану Богу».








All the contents on this site are copyrighted ©.