26 красавіка 2009 г. кардынал Казімір Свёнтэк, у юбілейны год свайго святарства,
узначаліць урачыстую цэлебрацыю святой Імшы ў мінскім архікатэдральным касцёле ў 11.30
і 13.00. Старэйшы іерарх Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, Апостальскі адміністратар
Пінскай дыяцэзіі, Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп на пенсіі, кардынал Казімір Свёнтэк
8 красавіка гг. адзначаў 70-ю гадавіну свайго святарскага служэння. Казімір
Свёнтэк скончыў Вышэйшую духоўнаю семінарыю ў Пінску і 8 красавіка 1939 г. у тамтэйшай
катэдры прыняў святарскае пасвячэнне. Пазней працаваў у в. Пружаны (Брэсцкая вобл.). У
выніку пераследу рэлігіі прайшоў праз арышт і асуджэнне на смерць, два месяцы знаходзіўся
ў камеры смертнікаў. На шчасце, прысуд не быў выкананы, бо ў 1941 г. распачалася вайна.
Аднак у 1944 г. малады святар зноў быў арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў лагераў,
дзе цяжка працаваў спачатку ў Сібіры, а потым за Палярным кругам у Інце каля Варкуты. У
1945 г. ксёндз Казімір Свёнтэк вярнуўся ў Пінск. Дзякуючы яго самаадданай і ахвярнай
працы была адбудавана пінская катэдра. У 1991 г. кс. Казімір Свёнтэк быў прызначаны
першым Мітрапалітам новастворанай Мінска-Магілёўскай Мітраполіі і Апостальскім адміністратарам
Пінскай дыяцэзіі. У 1994 г. Святы Айцец Ян Павел ІІ узвысіў яго да кардынальскай годнасці. 11
лютага 1999 г. кардынал Казімір Свёнтэк быў абраны першым старшынёй Канферэнцыі Каталіцкіх
Біскупаў у Беларусі. 27 верасня 2004 г. Святы Айцец Ян Павел ІІ уручыў кардынару
Казіміру Свёнтку, арцыбіскупу Мітрапаліту Мінска-Магілёўскаму, спецыяльную ўзнагароду
«Fidei testis» (Сведка веры), прысуджаную Інстытутам Паўла VI. 23 верасня 2006
г. Прэзiдэнт Французскай Рэспублiкi Жак Шырак надаў кардыналу Казiмiру Свёнтку званне
Камандора нацыянальнага ордэна Ганаровага легiёна (адна з дзвюх найвышэйшых узнагародаў
Францыi). Як падкрэслiла Пасольства Францыi ў Рэспублiцы Беларусь, узнагарода гэта
была прысуджана чалавеку, якi ў вачах французскiх грамадзян увасабляе сабою гiсторыю
беларускага народа апошнiх сямiдзесяцi гадоў. Цяпер кардынал Казімір Свёнтэк нясе
пастырскае служэнне ў Пінскай дыяцэзіі, Апостальскім адміністратарам якой ён з’яўляецца. У
кастрычніку гэтага года кардынал Казімір адзначыць 95-ю гадавіну з дня свайго нараджэння.