2009-04-17 13:43:11

"Да праліцьця крыві"- Сьвяты Андрэй Баболя (працяг)


У Вечны Горад рэлiквii прыбылi ва ўрачыстасць Усiх Святых. Яны былi змешчаныя ў базылiцы святога Пятра на Ватыкане, а ў маi 1924 года Папа перадаў цела езуiцкаму касцёлу del Gesu. Пасля кананiзацыi ў 1938 годзе рэлiквii праз Югаславiю, Венгрыю i Чэхаславакiю былi перапраўлены ў Польшчу. Тут у трыумфальнай працэсii іх павезлі спачатку ў Чэхавiцы, потым у Асвенцiм, Кракаў, Катавiцы, Познань i Лодзь, i нарэшце труна спынiлася ў Варшаве. Усюды рэлiквii святога А. Баболi горача вiталi, аб чым сведчыць захаваная кiнахронiка. У сталiцы адбылося спецыяльнае набажэнства на Замкавым пляцы, потым труна была выстаўлена ў катэдры св. Яна. Прэзiдэнт Iгнацы Масцiцкi, як вотум, паклаў на труну свой Крыж Незалежнасцi.
Пасля ўрачыстага ўшанавання рэлiквii спачылi ў каплiцы езуiтаў на вулiцы Ракавецкай, дзе яны павiнны былi чакаць пабудовы спецыяльнага санктуарыя. Тым часам распачалася вайна. У вераснi 1939 года падчас блакады Варшавы, калi немцы наступалi на Макотаў, польскiя лётчыкi вынеслi народны скарб у Стары Горад i паклалi каля ног Найсвяцейшай Панны Марыi Ласкавай у касцёле езуiтаў. Тут у часы акупацыi ўмацоўвалi свае сэрцы прыгнечаныя вернікi. Падчас Варшаўскага паўстання, калi гарэла Свентаянская вулiца, рэлiквii перанеслi ў касцёл святога Яцка i паклалi ў падзямеллi. Заваленыя руiнамi, яны праляжалi так да лютага 1945 года. Пасля задушэння Варшаўскага паўстання немцы вялi пошукi труны з рэлiквiямi. На шчасце, яны не даведалiся аб месцы яе захавання. Пасля вызвалення Варшавы труна была адкапаная i перавезеная зноў на вулiцу Ракавецкую.


Утоены скарб Нямала славутых езуiтаў, што жылi ў Польшчы, былi сучаснiкамi Андрэя. Выдадзеная Акадэмiяй Гiсторыi Навукi i Тэхнiкi ПАН «Гiсторыя польскай навукi» (т.2: Вроцлаў, 1970) пералiчвае 28 вядомых езуiтаў, якiя працавалi ў той самы час, што i Баболя. Сярод iх Мацвей Бэмбус – аўтар працы «Заклiк да еднасцi», якi працягваў намаганii Пятра Скаргi па ўтварэннi унii праваслаўнай Расii з Рымам; Мiхал Боўм – вялiкi сiнолаг; Рыгор Кнапскi – славуты польскi лексiкограф; Освальд Кругер – спецыялiст вайсковай справы, каралеўскi iнжынер; Караль Малапарт – славуты астраном; Мiкалай Ленчыцкi – вядомы тэолаг-пiсьменнiк; Мацей Сарбеўскi – паэт, гонар польскага барока; Ян Смагулецкi – мiсiянер у Кiтаi, дзе ён таксама быў паслом польскай навукi i разам з праўдамi веры прынёс на тыя землi лагарыфмiчнае вылiчэнне; Станiслаў Сольскi – аўтар першага польскага падручнiка iнжынерыi; Францiшак Шамбека – першы польскi тыбетолаг; Канстанцiн Шырвiд – аўтар першага лiтоўскага слоўнiка, рэпрынт якога з’явiўся ў 1979 годзе ў Вiльнi; Караль Вота – дыпламат; Барталамей Вансоўскi – вядомы архiтэктар i пiсьменнiк; Лука Залускi – фiлосаф, аўтар шырокага нарысу гiсторыi фiласофii. Многiя з iх былi звязаныя з вiленскiм асяроддзем i таму добра вядомыя А.Баболi; М.Сарбеўскi i А.Рудамiн (вялiкi мiсiянер у Кiтаi) былi нават сябрамi Баболi падчас вучобы на факультэце тэалогii.
Сярод гэтых вялiкiх зорак XVII стагоддзя на небасхiле Таварыства Езуса ў Польшчы выключнае месца Пан Бог вызначыў Андрэю Баболю. У вачах сучаснiкаў тыя, каго мы толькi што ўзгадалi, зрабiлi большую «кар’еру», чым ён – спачатку звычайны працаўнiк на шматлiкiх езуiцкiх пляцоўках, а пазней – мiсiянер Палесся. Аднак здаецца, што Провiд захаваў гэтую асобу на заўтра, каб выкарыстаць яе для больш вялiкiх спраў.
Значнай падзеяй у агульначалавечым вымярэннi стаў выбар славянiна-паляка Папам. Гэты чалавек, адораны спецыяльным харызматам Духа Святога, амаль што на кожным кроку звяртае ўвагу на неабходнасць распазнавання знакаў часу. Ён, калi вучыў свет падчас пiлiгрымкi па роднай зямлi ў чэрвенi 1979 года, закрануў шмат пытанняў, над якiмi трэба задумацца i паразважаць.
Iдэю еднасцi ўказаў людзям Папа Ян ХХIII. Гэтую думку з новым дынамiзмам працягвае Ян Павел II, якi заклiкаў падчас сваёй усеславянскай прамовы на Узгор’i Леха ў Гнезне да унii з братамi, што захоўваюць традыцыю ўсходняга Касцёла. 4 чэрвеня 1979 года ў «Акце аддання Мацi Божай» на Яснай Гуры ён прасiў Багародзiцу: «Дазволь нам надалей выходзiць насустрач усiм людзям, якiя ў розных рэлiгiях шукаюць Бога i жадаюць Яму служыць». Урэшце, у Кракаўскіх Блонях ён падкрэслiў, што «знакi часу клiчуць нас да дыялогу з нашымi братамi-хрысцiянамi, хоць яшчэ раз’яднанымi, але злучанымi адной верай у Хрысце».








All the contents on this site are copyrighted ©.