На 19 красавіка прыпадае 4-ая гадавіна ўступлення кардынала Ёзафа Ратцынгера на Пасад
святога Пятра.16-га красавіка Папа Бэнэдыкт 16 адзначае сваё 82-годдзе
16 красавіка 2009 г. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI адзначыў сваё 82-годдзе. З гэтай
нагоды прапануем кароткую біяграфію Пантыфіка. Папа Бэнэдыкт XVI (Ёзаф Ратцынгер)
паходзіць з Германіі — краіны з вельмі старажытнымі хрысціянскімі каранямі і багатай
каталіцкай традыцыяй. 16 красавіка 1927 года ў невялічкім нямецкім мястэчку
Марктль-на-Інне, што ў Ніжняй Баварыі, у сям’і паліцэйскага Ратцынгера нарадзіўся
другі хлопчык, якога ахрысцілі Ёзафам. З 1946 да 1951 года Ёзаф Ратцынгер вывучае
філасофію і тэалогію спачатку ў Фрайзінгу, а потым у Мюнхенскім універсітэце і 29
чэрвеня 1951 года прымае святарскае пасвячэнне. У сваёй дзейнасці малады святар не
абмяжоўваецца толькі цэлебрацыяй Імшы і падрыхтоўкай казанняў і ўжо праз два гады
абараняе дысертацыю на тэму «Народ і дом Божы ў вучэнні св. Аўгустына пра Касцёл».
Наступную навуковую ступень ксёндз Ратцынгер атрымлівае ў 1957 г., абараняючы працу
«Тэалогія гісторыі святога Бонавэнтуры». Пасля гэтага на працягу амаль цэлага дзесяцігоддзя
ён займаецца выкладчыцкай дзейнасцю спачатку ў Боне, затым у Мюнстэры і нарэшце ў
Цюбінгене. З 1962 па 1965 года ў Рыме праходзіць Другі Ватыканскі Сабор. Ёзаф
Ратцынгер прымае актыўны ўдзел у працы гэтага Сусветнага Сабору ў якасці кансультанта
па пытаннях тэалогіі. Менавіта тады ён набывае вядомасць у Касцёле на міжнародным
узроўні. З 1969 года ён выкладае дагматыку ва універсітэце ў Рэгенсбургу і з’яўляецца
прарэктарам гэтай навучальнай установы. З’яўляюцца першыя публікацыі яго навуковых
працаў, а таксама душпастырскіх разважанняў. У 1977 годзе Папа Павел VI
прызначыў Ёзафа Ратцынгера арцыбіскупам Мюнхена і Фрайзінга і неўзабаве пасля гэтага
надаў яму годнасць кардынала. Для свайго біскупскага герба Ёзаф Ратцынгер абраў дэвіз
«Cooperatores veritatis» — «Супрацоўнікі праўды». Гэты дэвіз набыў асаблівае значэнне,
калі ў 1981 г. Папа Ян Павел ІІ прызначыў кардынала Ратцынгера прэфектам Кангрэгацыі
Веравучэння — асноўнага ведамства Каталіцкага Касцёла, якое паклікана клапаціцца пра
чысціню праўдаў веры. На гэтай пасадзе Ёзаф Ратцынгер праявіў сябе як непахісны абаронца
чысціні веравучэння ад розных скажэнняў. Ён, у прыватнасці, паслядоўна выступаў супраць
такіх негатыўных з’яваў сучаснага свету, як гомасексуалізм, эўтаназія, аборты, радыкальны
фемінізм, які вядзе да разбурэння асноваў сям’і, і інш. Кангрэгацыя Веравучэння пад
яго кіраўніцтвам рашуча асуджала таксама ўсялякія дактрынальныя злоўжыванні ў Касцёле:
«тэалогію вызвалення», якая апраўдвала ўдзел Касцёла і духавенства ў палітычнай барацьбе;
плюралістычную тэалогію рэлігіі, якая бачыла ў нехрысціянскіх рэлігіях частку Божага
плану збаўлення. Свае погляды на гэта Ёзаф Ратцынгер найбольш красамоўна прадставіў
у дакуменце «Dominus Iesus» — «Пан Езус» (2000 г.), у якім выразна сказана, што толькі
ў Каталіцкім Касцёле можна знайсці ўсю паўнату сродкаў, неабходных для збаўлення.
Новаабраны Папа ўзяў сабе імя Бэнэдыкт і сам растлумачыў гэты свой выбар, узгадваючы
Папу Бэнэдыкта XV «мужнага і сапраўднага прарока міру перад абліччам драматычных падзеяў
Першай сусветнай вайны», а таксама «незвычайную асобу святога Бэнэдыкта, які з’яўляецца
зыходным пунктам для Еўрапейскай інтэграцыі і несумненных хрысціянскіх каранёў яе
культуры і цывілізацыі».