2009-04-15 13:52:14

Пастырскае Слова Апостальскага Візытатара для грэка-католікаў Беларусі на сьвята Пасхі Хрыстовай 2009-га году


Вялебныя Айцы сьвятаслужыцелі!
Дарагія Манахі, Манахіні і Браты Семінарысты!
Любыя ў Госпадзе Браты і Сёстры! Паважаныя Сябры!


1. У сьвяточныя дні Сьвятой Пасхі Хрыстовай пакланяемся Крыжу і славім Уваскрасеньне Госпада і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста. Уваскрасеньня нельга аддзяляць ад Крыжа, а Крыжа – ад Уваскрасеньня, бо Ўваскрасеньне Гасподняе – гэта сьвята перамогі над сьмерцю, а Крыж – гэта знак гэтае перамогі.
Сьвяты Ян з Дамаску пісаў: “Не чымсьці іншым, як толькі Крыжом Госпада нашага Ісуса Хрыста сьмерць была зьнішчаная, грэх прабацькоўскі – ачышчаны, пекла – пазбаўленае сваёй здабычы, і даравана ўваскрасеньне. Менавіта ім вяртаемся мы да першапачатковага шчасьлівага стану, ім адчыненыя брамы раю, праз яго нашая прырода села праваруч Бога і мы зрабіліся дзецьмі Божымі і спадкаемцамі Яго. Усё гэта зроблена Крыжом”.
У Крыжы праявілася ўсемагутнасьць Божая. У Крыжы бачым мы ўжо не сьмерць, а перамогу над сьмерцю, Ўваскрасеньне Хрыстовае і знак агульнага ўваскрасеньня ўсіх тых, што вераць у Хрыста. Для нас, хрысьціянаў, гэта знак надзеі і знак жыцьця, і менавіта гэта мы вызнаем, калі ўшаноўваем Крыж Хрыстовы, калі робім знак сьвятога Крыжа, калі носім гэты знак не толькі ў сэрцах, але і яўна на целах нашых.
Такім чынам мы сьведчым, што Ісус Хрыстос – Збаўца і Пераможца сьмерці, Той, хто ўцелавіўся, прынёс Добрую Вестку – Сьвятое Евангельле, памёр дзеля нас і ўваскрос, каб мы мелі вечнае жыцьцё.
 
2. Старажытная традыцыя Ўсходняй Царквы навучае нас, што праз сьмерць Хрыста на Крыжы, мы ўваходзім у Таямніцу Ўваскрасеньня і Зыходу Сьвятога Духа. Паміраючы на Крыжы Ісус Хрыстос перадаў Царкве Духа Сьвятога (пар. Ян 19,30), які ажыўляе Царкву заўжды, а асабліва у час выпрабаваньняў і перасьледу.
Таму ў сьвятле жыватворчага, духаноснага Крыжа Гасподняга і сьветлага Ўваскрасеньня мы глядзім на балесныя падзеі гісторыі нашай Царквы.
Некалькі тыдняў таму - 24 лютага 2009 г. мінула 170 гадоў ад так званага "сабору" у Полацку ў 1839 г., на якім некаторыя царкоўныя дзеячы Ўніяцкай Царквы – пад націскам расейскіх царскіх уладаў – абвясьцілі ліквідацыю гэтай Царквы праз яе далучэньне да дзяржаўнай Царквы Расійскай Імперыі. А 25 сакавіка 1839 г. цар Мікалай І пацьвердзіў гэтую ліквідацыю.
Але пасля Першай сусьветнай вайны Ўсходняя Каталіцкая Царква візантыйска-славянскага абраду адрадзілася ў Заходняй Беларусі, дзе ў міжваенны час існавала больш за 30 парафіяў. Іх апякаў духова Апостальскі Візітатар блаславёны сьвятамучанік Уладыка Мікалай Чарнецкі, руплівы пастыр які цярпеў у сталінскіх лагерах. 50 год ягонай сьмерці мы адзначалі некалькі дзён таму - 2 красавіка 2009 г.
Гэтага ж блаславёнага Ўладыку Мікалая на пачатку ІІ Сусьветнай вайны, у 1939 г., Львоўскі грэка-каталіцкі мітрапаліт Андрэй Шаптыцкі прызначыў Экзархам для грэка-католікаў Беларусі. Год пазьней (у 1940 г.) Экзархам беларускіх грэка-католікаў быў прызначаны мітрапалітам Андрэям а. Антон Неманцэвіч. І яму таксама выпала ўвайсьці на крыжовы шлях мучаніцтва. Экзарх Антон неўзабаве ў 1942 г. быў арыштаваны нямецкім нацысцкім SD і ў 1943 г. загінуў мучаніцкай смерцю ў Менску.
Мы глыбока верым, што праз мучаніцкі подзьвіг блаславёнага Ўладыкі Мікалая і сьветлай памяці Экзарха Антона, а таксама праз умацаваных Духам Сьвятым адважных ды руплівых безыменных сьвятароў, манахаў, манахіняў і сьвецкіх вернікаў, якія ў час савецкага перасьледу маліліся падпольна ў Слоніме, Лагішыне, Пінску ды іншых мясьцінах, нашая Царква захавала пераемнасьць аж да часу, калі ўжо ў суверэннай Рэспубліцы Беларусь ў 1990 грэка-каталіцкія парафіі маглі аднавіць душпастырскую дзейнасьць. Жыватворчы і духаносны Крыж Хрыста стаў сапраўды знакам перамогі.


3. Браты і Сёстры!
Сьвята Пасхі Хрыстовай яшчэ раз дае нам магчымасьць аднавіць еднасьць з Хрыстом, стаяць ля Ягонага жыватворчага Крыжа і ў моцы Сьвятога Духа сьпяваць гімн Уваскрасеньня, бо Хрыстос уваскрос і Ён з намі ва ўсе дні ажно да сканчэньня веку.
Глыбей разумець гэтую парадаксальную Таямніцу дазваляе нам Сьвятое Евангельле. Таму ўсім вернікам нашае Царквы ды усім людзям добрай волі ў нашай Бацькаўшчыне жадаем, каб у час сьвятаў Пасхі Хрыстовай захацелі уважліва і пабожна чытаць Сьвятое Евангельле на роднай беларускай мове.

Хочам сардэчна прывітаць са сьвятам Пасхі Гасподняй усіх, хто яе сьвяткуе паводле новага календара: грэка-католікаў, братоў рыма-католікаў, братоў пратэстантаў.
Братам праваслаўным, якія будуць сьвяткаваць Пасху паводле юліянскага календара, жадаем добрага вялікапоснага духовага подзьвігу.

Усім жадаем багатых дароў міру, радасьці, надзеі ды любові ад Уваскрослага Хрыста і вітаем сьвяточным вітаньнем: Хрыстос уваскрос - сапраўды ўваскрос!
 

Менск, Пасха Гасподняя 2009 году.
+Архімандрыт СЯРГЕЙ (Гаек)
Апостальскі Візітатар
для грэка-католікаў Беларусі







All the contents on this site are copyrighted ©.