2009-04-09 15:01:47

Віншаванне Бэнэдыкта XVI кардыналу Казіміру Свёнтку з нагоды юбілею святарскага служэння 08.04.2009 18:02 + catholic.by +


Шаноўнаму нашаму брату Казіміру Свёнтку,
кардыналу святога Рыма-каталіцкага Касцёла,
арцыбіскупу Мінска-Магілёўскаму на пенсіі,
Апостальскаму Адміністратару
Ad nutum Sanctae Sedis
Пінскай дыяцэзіі лацінскага абраду
Перад велікоднай урачыстасцю ў сераду Вялікага тыдня прыпадае, шаноўны наш брат, твой асаблівы і надзвычайны юбілей, а менавіта 70-я гадавіна святарскага пасвячэння. Мы не жадаем абмінуць маўчаннем гэтую радасную падзею, больш за тое, кіруючыся братэрскай любоўю да цябе, спяшаемся разам з табою з глыбіні сэрца праспяваць гімн падзякі Міласэрнаму Богу за ўсе дабрадзействы, так шчодра ўдзеленыя табе за гэты час, а праз цябе — са скарбніцы святарскага дару — іншым вернікам.
Тваё святарства, прынятае за некалькі месяцаў да Другой сусветнай вайны, было асабліва пазначана пераследам і турэмным зняволеннем, якія нібы каштоўнымі пярлінамі аздаблялі яго і ядналі цябе з Хрыстом, Найвышэйшым Святаром, які так шмат выцерпеў за сваіх авечак.
Пасля атрымання свабоды ты вярнуўся ў свой родны пінскі касцёл, дзе рупліва выконваў душпастырскае служэнне. У 1991 г., у змененай рэчаіснасці, у новай Рэспубліцы Беларусь шаноўны Слуга Божы Ян Павел ІІ, адорваючы цябе сваім даверам, узвысіў цябе да біскупскай годнасці і ўстанавіў арцыбіскупам Мінска-Магілёўскім лацінскага абраду і Апостальскім Адміністратарам Ad nutum Sanctae Sedis Пінскай дыяцэзіі лацінскага абраду. Затым у 1994 г. ты быў пакліканы ў калегію кардыналаў, атрымаўшы тытулярны касцёл у Рыме — касцёл святога Гэрарда Маэллі. Акрамя таго ты займаў пасаду першага старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Напэўна, абедзве каталіцкія супольнасці, гэта значыць Мінска-Магілёўская лацінскага абраду і Пінская лацінскага абраду, якім адпаведна сваім сілам ты да канца прысвяціў сваё біскупскае служэнне, а таксама ўвесь народ вельмі радуюцца з нагоды такога прыгожага свята, звязанага з тваім святарствам.
Мы ж, нібы прысутныя разам з біскупамі, святарамі, законнікамі, законніцамі і ўсімі вернікамі, з радасцю скіроўваем свае пажаданні з нагоды 70-й гадавіны твайго святарскага пасвячэння і праз заступніцтва Багародзіцы Марыі, а таксама святога Казіміра жадаем табе шчодрых Божых ласкаў і духоўнай радасці.
На заканчэнне гэтыя і іншыя дасланыя табе пажаданні пацвярджаем нашым апостальскім благаслаўленнем, якое з любоўю ўдзяляем табе і якім жадаем агарнуць усіх, хто прымае ўдзел у радасці твайго цудоўнага юбілею.
 
Ватыкан
25 сакавіка 2009 г.
У 4-ю гадавіну Пантыфікату
Папа Бэнэдыкт XVI
 







All the contents on this site are copyrighted ©.