2009-04-06 14:17:59

Біскуп Блін запрашае на 10-ці годдзе Віцебскай дыяцэзыі ( заканчэньне)


— З польскай перспектывы Беларусь успрымаецца як краіна, у якой часта даходзіць да палітычных напружанняў (…). Як гэта выглядае ў Вашай дыяцэзіі?

— На маю думку, там, дзе жывуць хрысціяне, не павінна быць канфліктаў, бо мы нарадзіліся з любові і для любові. Мы павінны прабачыць і ўмець быць цярплівымі. За ўсе гады майго святарскага і біскупскага служэння я не паспеў набыць сабе ворагаў. Калі дзесьці ёсць мае ворагі, то гэта ім толькі здаецца, што яны мае ворагі. Я стараюся ў кожным бачыць брата, якога люблю, за якога малюся. Я жыву на пятым паверсе і кожны дзень выходжу на балкон, благаслаўляю горад, усіх сясцёр і братоў. Гэта маё заданне як біскупа.

— Зыходзячы з таго, што Вы сказалі, можна зрабіць выснову, што з уладамі ўсталяваліся вельмі добрыя адносіны...

— Яны вельмі добрыя, дзякуючы цярплівасці і пакоры. Трэба ўмець папрасіць і дзякаваць. Перш за ўсё трэба ў кожным бачыць бліжняга. Не так даўно адбыліся выбары, пасля якіх да нас завіталі прадстаўнікі новай улады і падзякавалі за здзейсненую намі да гэтага часу працу. Так жа паступілі і тыя, якія пакінулі свае пасады. Я стараюся быць там, куды мяне запрашаюць, і нават там, дзе мяне не жадаюць бачыць. Я хачу паказаць, што Касцёл ёсць і што ў Касцёле ёсць біскуп.

— Якое рэха пакінуў сёлетні візіт Дзяржаўнага сакратара Яго Святасці кардынала Тарчызіо Бэртонэ ў Беларусь? Ці аказаў ён пазітыўны ўплыў на адносіны дзяржавы і Касцёла?

— Кардынал Бэртонэ быў вельмі добра прыняты Прэзідэнтам і ўладамі. Усё адбылося на вышэйшым узроўні. Безумоўна, гэта паспрыяла пацяпленню не толькі ватыканска-беларускіх адносінаў, але таксама адносінаў Беларусі з іншымі краінамі. Я гэтаму вельмі рады. Польшча і Беларусь павінны як мага больш выкарыстоўваць узаемаадносіны як у духоўным плане, так і ў матэрыяльным. Чаму прысутнічае на рынку Беларусі толькі нямецкая, французская або італьянская прадукцыя, а польскія фірмы, якія маглі б унесці шмат добрага ў гаспадарку Беларусі, адсутнічаюць?

— Ці ў найбліжэйшы час дойдзе да падпісання канкардату паміж Апостальскай Сталіцай і Беларуссю? Пра гэта шмат гаварылася падчас візіту кардынала Бэртонэ.

— Я лічу, што канкардат патрэбны, бо ён установіць партнёрскія адносіны паміж Касцёлам і беларускай дзяржавай. Ён бы ўрэгуляваў, між іншым, шмат адміністрацыйных спраў, якія датычаць дыяцэзій, парафій, святароў, а таксама пытанне працы духавенства з-за мяжы.

— Ваша Эксцэленцыя, ці заўважаеце Вы з боку беларускай улады жаданне падпісаць гэты дакумент?


— Па тым, як быў прыняты кардынал Бэртонэ, я назіраю жаданне дзяржавы супрацоўнічаць з Касцёлам. Часам уласнаю абыякавасцю мы хочам апраўдаць немагчымыя для пераадолення перашкоды, якія часта мы самі сабе выдумваем. У духу любові мы можам зрабіць усё. Трэба шукаць зручную сітуацыю, каб адкрылася дабро. Заданне Касцёла — весці чалавека да Нябеснага Валадарства, а не блытацца ў палітычных інтрыгах і экуменічных спрэчках. Мы павінны ствараць добрае поле для дзейнасці Божай ласкі.

— Ваша Эксцэленцыя, Вы закранулі тэму экуменічных адносінаў. Вядома, што ў Беларусі дамінуючым веравызнаннем з’яўляецца праваслаўе. Як выглядаюць адносіны з Правасласлаўнай Царквой?

— Калі да ўсіх праблемаў падыходзіць з любоўю, то ўсе адносіны будуць выдатнымі. Так як у сужэнстве, калі мы будзем шукаць толькі недахопы другой асобы, то гэта дакладна прывядзе да расставання. Аднак жа, калі мы будзем шукаць тое, што нас аб’ядноўвае, то праблем не будзе, і сувязь будзе станавіцца ўсё больш трывалай. Я заўсёды падкрэсліваю, што экуменізм у Беларусі існаваў практычна спрадвеку — быў, ёсць і будзе. У нашай краіне людзі сустракаюцца, паміж імі ўзнікае пачуццё кахання, і ніхто тады не пытаецца: «Якога ты веравызнання?». Потым у сям’і ў духу любові ўсё добра наладжваецца. Так павінна быць і ў Касцёле. Нельга нікому зайздросціць, але наадварот — трэба радавацца поспехам іншых. Не параўноўваць сябе з іншымі, што ў іх больш вернікаў, яны багацейшыя. Проста сумленна абвяшчаць Евангелле і самому імкнуцца да дасканаласці Хрыста. Часта мы хочам змяняць іншых, а тут найперш трэба самому змяніцца. Калі мы самі не будзем змяняцца, то ўсе намаганні, зробленыя дзеля паяднання нашых Цэркваў будуць, як кажуць, кату пад хвост. Я заўсёды падкрэсліваю: «любіць» — гэта значыць, што я жадаю, каб іншаму чалавеку было добра. Калі я люблю, то прымаю чалавека такім, які ён ёсць. Я павінен яго прыняць, а не перакройваць пад сваю мерку. Гэта грахі, якія часта нас абмяжоўваюць у экуменізме.

— Ваша Эксцэленцыя, вядома, што ў Вас вельмі добрыя адносіны з мясцовым іерархам Праваслаўнай Царквы…

— Мы, можа, і не часта бываем адзін у аднаго, але гэта таму, што з-за паглынуўшых нас штодзённых абавязкаў у нас не так шмат часу. Мы заўсёды сустракаемся на ўсіх вялікіх дзяржаўных урачыстасцях. Апошні раз сустракаліся і размаўлялі на Дажынках, якія святкаваліся на тэрыторыі нашай дыяцэзіі. На іх, між іншым, былі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, праваслаўны Мітрапаліт Філарэт і арцыбіскуп Дзмітрый. Гэтыя сустрэчы маюць вялікае значэнне. Я думаю, што няма патрэбы праз сілу дэманстраваць нашы добрыя адносіны. Найлепш іх адлюстроўвае наша штодзённае жыццё.

— Ваша Эксцэленцыя, што Вы хацелі б пажадаць з нагоды юбілею, які ўжо набліжаецца?

— Я ўсім бы пажадаў трапіць на неба, і каб я таксама туды трапіў. Усё, што я раблю, я раблю для таго, каб калісьці трапіць на неба.

— А што канкрэтна, тут і цяпер, Вы сабе жадаеце ў гэтай дарозе да неба?

— Мне хацелася б у будучым годзе здзейсніць кансэкрацыю катэдры, а таксама каб яшчэ 4,5 % маіх парафій дасягнулі нармальнага ўзроўню. Тады я спакойна магу ісці на неба. Акрамя гэтага, безумоўна, я чакаю цудоўнага святкавання нашага юбілею. У мяне няма шмат сакратароў і сродкаў, каб кожнаму выслаць асабістае запрашэнне, але я яшчэ раз запрашаю ўсіх на супольнае святкаванне і запэўніваю, што я пра ўсіх помню і чакаю кожнага з адкрытым сэрцам.








All the contents on this site are copyrighted ©.