2009-03-28 11:22:05

"Браты Гарэцкія" ў кніжнай сэрыі "Бацькаўшчыны"


Пабачыла свет кніга акадэміка Радзіма Гарэцкага “Браты Гарэцкія”.
Менавіта гэтай кнігай МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” распачало новую падсерыю – “Людзі Беларусі” – у кніжнай серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны”.
Выхад кнігі прымеркаваны да юбілею Максіма Гарэцкага, славутага беларускага пісьменніка, педагога, навукоўца, якому ў мінулым годзе споўнілася б 115 год. Нягледзячы на свой нядоўгі век (у 45 год быў расстраляны ў Вязьменскай турме), М. Гарэцкі зрабіў шмат для гісторыі. Доўгі час творчасць пісьменніка была пад забаронай у нашай краіне.
Кніга ўяўляе сабой сапраўдную энцыклапедыю роду Гарэцкіх, утрымлівае ўнікальныя дакументы і сведчанні пра жыццё і дзейнасць выбітных дзеячаў беларускага нацыянальнага руху ХХ стагоддзя: Максіма Гарэцкага – класіка беларускай літаратуры, літаратуразнаўцы, крытыка, рэдактара-выдаўца, мовазнаўца, фалькларыста, педагога, публіцыста; Гаўрылы Гарэцкага – аднаго з заснавальнікаў Беларускай акадэміі навук, вядомага эканаміста, дэмографа, геолага, географа, археолага. У кнізе размешчаны фотаздымкі з сямейнага і дзяржаўных архіваў, а таксама архіваў сяброў. Кніга разлічаная на шырокае кола чытачоў.
“Кніга “Браты Гарэцкія” – гэта даволі арыгінальны зборнік дакументаў, прысвечаны роду Гарэцкіх. Да гэтага моманту сабраныя тут дакументы не друкаваліся анідзе. І выданне кнігі, вядома, прысвечана юбілею Максіма Гарэцкага”, — кажа Радзім Гарэцкі.
Выданне кнігі стала магчымым пры ўдзеле беларускай мецэнаткі, старшыні фонду “Этнічны голас Амерыкі” Ірэны Каляды-Смірновай, якой МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” і аўтар кнігі Радзім Гарэцкі выказваюць падзяку.








All the contents on this site are copyrighted ©.