2009-03-16 12:41:02

Багародзічная малітва "Анёл Гасподні" ў нядзелю 15-га сакавіка



А паўдні гэтага дня вернікі прыбылі на Плошчу Сьвятога Пятра, каб супольна з Папам адгаварыць гэтую марыйную малітву. У сваёй прамове да іх Сьвяцейшы Айцец папрасіў іхніх малітваў, каб ягонае падарожжа ў Афрыку прычынілася да духоўнага аднаўленьня жыхароў Чорнага Кантынэнту ды узмацаваньня надзеі на мір і грамадзкую справядлівасьць. Бэнэдыкт 16 пачне сваё Апостальскае Падарожжа ў Афрыку ў аўторак 17-га сакавіка. Адведае сталіцу Камэруну Яўндэ, дзе афіцыяльна перадасьць “Instrumentum laboris” другога спэцыяльнага зграмаджаньня Сыноду Біскупаў адносна Афрыкі, які пачне свае працы ў кастрычніку гэтага году ў Ватыкане. Затым Папа адведае Луанду, сталіцу Анголы, якая пасьля доўгае грамадзянскае вайны, цешыцца мірам і вяртаецца на дарогу справядлівасьці.
RealAudioMP3
Гэтым візытам я жадаў-бы ахапіць увесь афрыканскі кантынэнт: яго багатую разнароднасьць і глыбокі дух рэлігійнасьці; яго старажытныя культуры ды цяжкія працэсы разьвіцьця і прымірэньня; сур’ёзныя праблемы, балючыя раны ды вялікія магчымасьці і надзеі. Жадаю ўзмацаваць ў веры католікаў, заахвоціць хрысьціян да экумэнічных намаганьняў і да ўсіх накіраваць пасланьне міру, даручанае Касьцёлу Уваскросшым Госпадам.
Далей ў сваёй прамове Папа падкрэсьліў, што Касьцёл не імкнецца да эканамічных, грамадзкіх ці палітычных мэтаў. Абвяшчае пасланьне Эвангэльля, якое здольнае зьмяніць сьвет, значыць і Афрыку. З гэтым пасланьнем Сьвяцейшы Айцец едзе на Чорны Кантынэнт, дзе 19-га сакавіка будзе ўшаноўваць свае імяніны ва ўрачыстасьць Сьвятога Язэпа, Патрона Паўсюднага Касьцёла.
RealAudioMP3
Нябеснай апецы гэтага вялікага Сьвятога даручаю найбліжэйшую пілігрымку ды народы усёй Афрыкі разам з выклікамі, з якімі змагаюцца і надзеямі, якіх спадзяюцца. Думаю асабліва- сказаў Бэнэдыкт 16- аб ахвярах голаду, хвароб, нясправядівасьці, братазабойчых канфліктаў і ўсялякіх формаў насільля, якое на жаль, пастаянна пагражае дарослым і дзецям, не зьберагаючы місіянароў, сьвятароў, законнікаў, законніц ды добраахвотнікаў. Браты і сёстры, сказаў на заканчэньне Папа, суправаджайце мяне ў гэтым падарожжы сваёю малітваю, за заступніцтвам Марыі, Маці і Каралевы Афрыкі.








All the contents on this site are copyrighted ©.