2009-03-06 20:09:47

У Беларускай Рэдакцыі Ватыканскага Радыё прайшла прэзэнтацыя "Лістоў да Тыматэя" ў перакладзе айца П. Татарыновіча






У Беларускай Рэдакцыі Радыё Ватыкан прайшла прэзэнтацыя ”Лістаў да Тыматэя” у перакладзе а. Пятра Татарыновіча  



”Чытаць Слова Божае на роднай мове” – такі быў дэвіз спатканьня ў офісе Беларускай Праграмы Радыё Ватыкан, у рамках якога прайшла прэзэнтацыя кніжкі ”Лісты да Тыматэя” у перакладзе а. Пятра Татарыновіча. Сустрэча, якую вёў кіраўнік Беларускай Праграмы Радыё Ватыкан а. Клаўдзій Робінэ, адбылася неўзабаве пасьля 30-х угодкаў сьмерці перакладчыка, якія прыпалі на 3 верасьня 2008 г. Найперш было сказана некалькі словаў пра самога пралата (монсіньёра) Пятра Татарыновіча. Быў зачытаны фрагмэнт уводзінаў Рэдакцыі грэка-каталіцкай газэты ЦАРКВА да артыкула Алеся Аўдзеюка пра а. Пятра Татарыновіча (гл. ЦАРКВА, № 4 – 2008, с. 14, гл. таксама лінк на сайт газэта ЦАРКВА:http://carkva-gazeta.org/data/59/index.php?id=22). думку ўдзельнікаў, сапраўды : ”Імя беларускага каталіцкага сьвятара лацінскага абраду Пятра Татарыновіча, на жаль, ужо даволі добра падзабытае, а часам і ўвогуле нячутае новым пакаленьнем беларусаў, тым больш што частку свайго жыцьця (пасьля вайны) аж да сьмерці ён правёў па-за межамі Бацькаўшчыны. Аднак адметная постаць гэтага выдатнага сьвятара і беларуса вартая, каб быць належна ўшанаванай на роднай Бацькаўшчыне, каб яго імя заняло сваё годнае месца ў шэрагах патрыётаў Беларусі”.   Паводле сьведчаньняў суразмоўцаў, а. Пётр Татарыновіч быў глыбока перакананы, што немагчыма адраджэньне беларускага народу, калі ня будзе духоўнага адраджэньня людзей. Таму ён выбраў шлях сьвятара і стаў служыць Богу і Беларусі ня толькі на словах, але і ўсім сваім жыцьцём.   У гэтым кантэксьце было адзначана, што Беларуская Праграма Радыё Ватыкан з радасьцю прадставіла свой патранат для выданьня ў Беларусі "Лістоў Апостала Паўла да Тыматэя" ў беларускім перакладзе монсіньёра Пятра Татарыновіча, заснавальніка і першага дырэктара Праграмы. Гэтае выданьне – у Годзе Апостала Паўла – гэта знак ушанаваньня душпастырскай руплівасьці і жаданьня монс. Пятра абвяшчаць Слова Божае сваім суайчыньнікам на роднай мове. У свой час плёнам гэтай руплівасьці былі выдадзеныя лацінкай – з дазволу Царкоўных Уладаў – у Беларускім Рэлігійным Выдавецтве "Зьніч" у Рыме (Roma, v. Trionfale 6415) беларускія пераклады выбраных кнігаў Новага Запавету: "Сьвятая Эванэлія і Апостальскія Дзеі" (Рым 1954) ды "Лісты сьвятых Апосталаў" (Рым 1974). Яшчэ раней яны друкаваліся як дадатак да часопісу "Зьніч".   Пасьля амаль 35 гадоў два Лісты Апостала Паўла да Тыматэя, узятыя з "Лістоў сьвятых Апосталаў", былі выдадзеныя ўпершыню ў Беларусі ў кірылічнай транслітэрацыі.  Ідэю рымскіх прыяцеляў монсіньёра Пятра адзначыць 30-я ўгодкі ягонае сьмерці прынялі найперш скаўткі з грэка-каталіцкай парафіі Праведнага Язэпа ў Менску, якія зрабілі транслітэрацыю з лацінкі на класічны кірылічны правапіс (т. зв. тарашкевіцу). Беларуская кірылічная транслітэрацыя захоўвае лексіку ды стыль монс. Пятра Татарыновіча (напрыклад, слова Эклезія на азначэньне Царквы) і т. п.   Выдавецкі камітэт ”САФІЯ” пры грэка-каталіцкай парафіі сьвятапакутніка Язафата ў Полацку ўзяўся за выдавецкую працу. Але не было б гэтага выданьня без ахвярнай каардынацыйнай працы спадара Яўгена Андросіка з Менску.  Малая кніжка (малы фармат 60 x 84 mm, 56 старонак) была падрыхтавана да друку 3 верасьня 2008 году – у 30-я ўгодкі сьмерці монсіньёра Пятра, але надрукаваная была ў апошнія дні сьнежня мінулага году.   На заканчэньне сустрэчы а. Клаўдзій Робінэ, кіраўнік Беларускай Праграмы Радыё Ватыкан, падкрэсьліў, што выданьне ў Беларусі - у 30-я угодкі сьмерці Перакладчыка - "Лістоў да Тымытэя" не зьяўляецца толькі падзеяй культурнага плану. ”Гэтае выданьне накіраванае галоўным чынам да беларускай моладзі - у Беларусі і Замежжы - і хоча данесьці да іх плод апостальскай працы выдатнага беларускага каталіцкага сьвятара ды заахвоціць беларускую моладзь чытаць Слова Божае на роднай мове”. 










All the contents on this site are copyrighted ©.