2009-03-06 11:36:06

Да праліцьця крыві- Сьвяты Андрэй Баболя


У вынiку разнастайнасцi культур i палiтычных умоваў усходнiя Касцёлы неаднойчы разрывалi сувязь з каталiцкiм Рымам. У 867 г. ад паўсюднага Касцёла адлучыўся канстанцiнопальскi патрыярх Фоцiй, аднак гэта працягвалася нядоўга. Прынцыповы падзел Касцёла адбыўся толькi ў 1054 г., калi канстанцiнопальскi патрыярх Мiхаіл Керулярый абвясцiў сябе роўным Папу.
Русь прыняла хрысцiянства з Канстанцiнопаля, таму атрымала яго ў вiзантыйскiм абрадзе i iерархiчна падпарадкоўвалася канстанцiнопальскаму патрыярхату. Пасля разрыву Керулярыя з Папам рускiя бiскупы таксама спынілi адносiны са Сталiцаю Пятра. У XIV стагоддзi пасля Крэўскай унii на тэрыторыі Беларусі i Украiны iзноў ажыло iмкненне да унii з заходнiм Касцёлам. Аднак ў польска-лiтоўскай дзяржаве не змагла ўкаранiцца Фларэнтыйская унiя (1439 г.). Толькi пасля Трыдэнцкага Сабору, калi новы павеў Духа Святога агарнуў Касцёл, рускiя бiскупы, а разам з iмi езуiты (у першую чаргу Пётр Скарга), распачалi справу па аб’яднаннi хрысцiянства ў Рэчы Паспалiтай.
У 1596 г. у Брэсце была падпiсана унiя памiж усходнiм i заходнiм Касцёламi. Адначасова з сiнодам, вынiкам якога стала ўрачыстае абвяшчэнне 20 кастрычнiка акту унii ў касцёле св. Мiкалая, у Брэсце працаваў антысiнод. Яго ўдзельнікі прысягнулi змагацца з унiяй.
Час паказаў, што i для гэтага пасеву, якiм была Берасцейская унiя, не ўсюды належным чынам была падрыхтавана глеба. Езуiты фармавалi грамадскую думку ў справе аб’яднання Касцёла праз свае школы i мiсiйныя цэнтры. Гэтага было замала, каб паўплываць на шырокія колы грамадства. Людзi прывыклi да старых абрадаў, а дагматычныя адрозненнi не цiкавiлi простых сялянаў.
Слабыя месцы ў дзейнасцi як Касцёла, так i Царквы (адсутнасць цэнтралiзаванай улады спрыяла злоўжыванням) выкарыстоўвалi людзi, якiя шукалi ва ўсiм зямных выгодаў. Яны распальвалi памiж католiкамi i праваслаўнымi нянавiсць, а рэлiгiйныя адрозненнi зрабiлi зброяй у палiтычных гульнях. Iх саюзнiкамi сталi казакi. Жыццё на ўсходнiх межах ператварылася ў пекла. Гэтыя трагiчныя падзеi адлюстраваў Генрык Сянкевiч у рамане «Агнём i мячом».
Сярод шматлікіх ахвяраў, якiя з-за сваёй прыналежнасцi да Касцёла паплацiлiся жыццём, быў полацкi унiяцкi арцыбiскуп св. Язафат Кунцэвiч, закатаваны ў 1623 г. у Вiцебску. Вынiшчалi не толькi iерархаў, але i ўсё каталiцкае насельнiцтва. Зло найбольш трыумфавала ў часы Багдана Хмяльнiцкага. Католiкаў забiвалi, не зважаючы на ўзрост, пол цi грамадскае становішча. Ратуючыся ад небяспекi, людзi хавалiся ў лясах. Напэўна, там таксама хацелi знайсцi прытулак езуiты Сымон Мафон i Андрэй Баболя. Першага з iх казакi схапiлi 15 мая 1657 г. у Гарадцы. З яго сарвалi адзенне, прыбiлi цвiкамi да лавы, галаву абкруцiлi вяроўкамi i так iх сцiскалi, што вочы вылазiлi. Пасля яму садралi скуру з грудзей i плячэй, а адкрытыя раны палiвалi кiпенем. Нарэшце, замучанага, дабiлi шабляй.
На другi дзень казакi паехалi ў Янаў, дзе пазабiвалi не толькi католiкаў, але i яўрэяў. Даведаўшыся, што тут нядаўна быў Андрэй Баболя, арганiзавалi за iм пагоню. Недзе апоўдні яго схапілi ў мясцовасцi Перадзела. Было гэта ў сераду, 16 мая. Распачалася своеасаблiвая «катэхеза», якая павiнна была схiлiць Андрэя да схiзмы. Казакi былi вынаходлiвымi ў катаваннi. Яны спачатку распранулi А.Баболю i бiлi яго нагайкамi, потым так моцна ударылі яго кулаком у твар, ажно павыляталi зубы. Андрэю Баболю, якi i пасля гэтай паказальнай экзекуцыi не выказаў жадання перайсцi ў праваслаўе, звязалi рукi вяроўкай i прывязалi да пары коней, якіх накiравалi ў Янаў. Чатыры кiламетры Андрэй Баболя бег памiж коньмi, падаючы і падаючы. Яго падганялі бізунамі, калолі дзідай, глыбока ранілі шабляй.
У Янаў збеглiся людзi, якiя хацелi ўбачыць незвычайнае вiдовiшча. Каб пазбавiцца ад празмернай колькасцi сведкаў, Баболю завялi пад навес, што служыў бойняй. З дубовага вецця сплялi вянок i ўздзелi яму на галаву. Пасля кiнулi яго на стол i, змушаючы адрачыся ад каталiцызму, агнём прыпякалi цела, пад пазногцi забiвалi стрэмкi, здзiралi скуру з рук, грудзей, плячэй i галавы, выкалалi правае вока, свежыя раны пасыпалi мякiнай, адсеклi нос i вусны, вырвалi язык, а пасля павесiлi за ногi да столi. Праз дзве гадзiны, яшчэ жывога, яго знялi. Удар шабляй па шыi закончыў зямную пiлiгрымку Баболi. Так Андрэй Баболя стаў 49-й па лiку ахвярай Таварыства Езуса, складзенай на алтары унii.
Нечакана ў ваколiцы Янава прыбылi часткi польскага войска. Уцякаючы ў панiцы, казакi пакiнулi знявечанае цела А.Баболі, якое езуiты з Пiнска перавезлi на возе ў кляштар. Цела паклалi ў драўляную труну, якую адразу забiлi, каб вучнi калегiума не бачылi страшнага вiдовiшча. Труну паставiлi ў падзямеллi касцёла, а ў спiсе памерлых запiсалi: «Айцец Андрэй Баболя быў бязлiтасна закатаваны бязбожнымi казакамi 16 мая 1657 г., пасля незлічоных мукаў з яго садралi скуру. Цела яго пакладзена пад вялiкiм алтаром».








All the contents on this site are copyrighted ©.