2009-02-25 11:38:10

25-га лютага, ў Папяльцовую Сераду, ў Каталіцкім Касьцёле пачаўся Вялікі Пост


Папяльцовая серада — дзень, якім у Каталіцкім Касцёле распачынаецца перыяд Вялікага посту або саракадзённага пакаяння, — прыпадае ў гэтым годзе на 25 лютага. Перыяд Вялікага посту з’яўляецца часам аднаўлення і ўзрастання жыцця ў Духу Святым.


Вялікі пост сёлета завершыцца ў Вялікі чацвер 9 красавіка. У гэты дзень распачнецца святкаванне Пасхальнага Трыдуума мукі, смерці і ўваскрасення Пана. Вялікдзень у гэтым годзе прыпадае на 12 красавіка.


«Памятай, што ты — прах і ў прах вернешся» (пар. Быц 3, 19), — нагадваюць вернікам святары, пасыпаючы ў Папяльцовую сераду іх галовы попелам. Гэты жэст сімвалізуе распачацце падрыхтоўкі да найважнейшага свята хрысціянаў — Вялікадня.


Традыцыя пасыпаць галовы попелам зарадзілася ў VIII ст., а ў XI ст. папа Урбан ІІ абвясціў гэты звычай абавязковым для ўсяго Касцёла. У тыя часы было таксама прынята, што павінен выкарыстоўвацца попел са спаленых вербачак, асвечаных у Пальмовую нядзелю мінулага года.


Вялікі пост працягваецца 40 дзён, не ўлічваючы нядзеляў, якія з’яўляюцца днямі памяці ўваскрасення Пана. Пост нагадвае той час, які Хрыстус правёў у пустыні, рыхтуючыся праз сузіранне і пост да навучання, аздараўлення не толькі целаў, але перш за ўсё душаў, да абвяшчэння Божай міласэрнасці і заахвочвання людзей да міру.


«І пасціў Ён сорак дзён і сорак начэй, і нарэшце згаладаўся» (пар. Мц 4, 2), — чытаем у Святым Пісанні. За час прабывання Езуса ў пустыні сатана тры разы спакушаў Хрыста, але Ён не паддаўся.


Вялікі пост павінен спрыяць падрыхтоўцы ўсёй супольнасці Касцёла да перажывання велікодных святаў праз навяртанне, стараннае слуханне Божага слова і малітву.


З велікапоснай літургіяй звязаны таксама звычай закрываць крыжы фіялетавай тканінай у 5-ю нядзелю Вялікага посту. Сэнс гэтага звычаю тлумачыцца словамі з Евангелля на Нядзелю Мукі Пана (перад апошняй літургічнай рэформай): «І схапілі камяні, каб кінуць у Яго, але Езус укрыўся і выйшаў са святыні» (пар. Ян 8, 59).


Выключнае значэнне ў перыяд Вялікага посту мае сакрамэнт пакаяння і паяднання, бо менавіта ён асвячае ўсе нашыя намаганні, накіраваныя на адмаўленне ад граху, а таксама на паяднанне з бліжнім і Богам. У гэты перыяд у парафіях праводзяцца велікапосныя рэкалекцыі, прымаць удзел у якіх — абавязак кожнага верніка. Да набажэнстваў, прадпісаных Апостальскай Сталіцай, адносяцца Крыжовы шлях і Песні жальбы.


Перыяд Вялікага посту з’яўляецца часам аднаўлення і ўзрастання жыцця ў Духу Святым. Гэтае аднаўленне дасягае сваёй кульмінацыі падчас Вялікай Ночы Уваскрасення. У гэты «благаслаўлёны час» чалавек можа нанава сабе ўсвядоміць, куды ён пілігрымуе, і што канчатковаю мэтаю з’яўляецца Бог.










All the contents on this site are copyrighted ©.