2009-02-20 13:32:53

Кожны дзень ад голаду памірае 10 тысяч дзяцей


У свеце налічваецца 1,2 мільярды людзей, якія галадаюць, штодзённа ад голаду паміраюць 10 тысяч дзяцей і 25 тысяч дарослых. Такія дадзеныя абнародавала ў сваім дакладзе Арганізацыя па сельскай гаспадарцы і харчаванні ААН. У апублікаваным дакуменце падкрэсліваецца, што праблема голаду на зямлі з цягам часу не толькі не памяншаецца, але наадварот — паглыбляецца і ўжо закранае краіны, якія раней з ёй не сутыкаліся.


Дабрачынная арганізацыя «Карытас», якая дапамагае патрабуючым у шматлікіх краінах свету, нагадвае, што па-ранейшаму замоўчваецца той факт, што сучасны голад — гэта вынік дыскрымінацыі і адпіхвання на перыферыю грамадства мільёнаў людзей.


Міжнародная медыцынская гуманітарная арганізацыя «Урачы без межаў» і Сусветная праграма па харчаванні «Марш супраць голаду» ў адозве, апублікаванай у ватыканскай газеце «L'Osservatore Romano», заклікаюць да дзеяння і вырашэння дадзенай праблемы, бо 55-ці мільёнам дзяцей, якія не маюць адпаведнага харчавання, па-ранейшаму будзе пагражаць смерць.


З нагоды Сусветнага дня барацьбы з голадам (адзначаецца 16 кастрычніка) палітыкі, вучоныя, журналісты і працаўнікі іншых установаў прапанавалі розныя спосабы вырашэння гэтай праблемы:
 
— Каб пакрыць незадаволеныя патрэбы свету ў сферы гігіены і харчавання, дастаткова 13 мільярдаў долараў — менавіта такую суму людзі ў ЗША і Еўрасаюзе штогод выдаткоўваюць на духі.

 
— За кошт аднаго ракетнага снарада можна было б на працягу 5 гадоў забяспечваць штодзённым абедам поўную школу галодных дзяцей.

 
— У 90-х гг. мінулага стагоддзя больш за 100 мільёнаў дзяцей памерла ад хвароб і голаду. Гэтага можна было не дапусціць за кошт двухдзённых выдаткаў на вайсковыя мэты ва ўсім свеце.









All the contents on this site are copyrighted ©.