2009-02-16 12:42:22

На Беларусі езуіцкія калегіюмы былі не горшыя за сёньняшнія ўнівэрсытэты


Часта, пералічаючы беларускія помнікі архітэктуры, мы называем устойлівае словазлучэньне “езуіцкі калегіюм”, і не заўжды задумваемся, што гэта была за ўстанова, і ўвогуле – хто такія езуіты. Слынны пісьменьнік-гісторык Уладзімер Арлоў дапамагае нам сёньня адказаць на гэтае пытаньне. Напачатку – хто такія езуіты?
У. Арлоў: У Расейскай імпэрыі, а затым у Савецкім Саюзе ня надта шанавалі ўсе каталіцкія ордэны. Але найболей даставалася сябрам Таварыства Ісуса, як афіцыйна называецца ордэн езуітаў. Нам у галовы доўга ўбівалі такое меркаваньне пра айцоў-езуітаў, як пра цемрашалаў, людзей небясьпечных і наогул з усіх бакоў “нянашых”. Насамрэч, не адпускаючы езуітам нейкіх іхных сапраўдных грахоў, я хачу сказаць, што Таварыства Ісуса ў сваёй гісторыі зрабіла вельмі шмат і карыснага. Езуіты займаліся дабрачыннасьцю, змагаліся з эпідэміямі, адчынялі аптэкі й шпіталі, друкавалі кнігі… А найбольшая іх заслуга ў тым, што яны стварылі перадавую для свайго часу сыстэму асьветы. Філёзаф Фрэнсіс Бэкан калісьці пісаў: “Бярыце прыклад зь езуіцкіх школ, бо лепшых не існуе на сьвеце…” Езуіты далі адукацыю Мальеру й Вальтэру, Дэкарту й Мантэск’ё, Казіміру Лышчынскаму й Сімяону Полацкаму – калі казаць пра нашыя землі.
Калі ж сябры Таварыства Ісуса прыйшлі на Беларусь?
У. Арлоў: Езуіты зьявіліся ў Беларусі пераважна ў другой палове XVI стагодзьдзя. Ужо ў ліпени 1580 году ўзяла свой пачатак гісторыя Полацкага езуіцкага калегіюма, на закладзінах якога, дарэчы, прысутнічаў вялікі князь і кароль Сьцяпан Батура, а першым рэктарам быў славуты каталіцкі прапаведнік, філёзаф, тэоляг Пётар Скарга. А ўвогуле на этнічных беларускіх землях, апрача Полацкага, налічвалася яшчэ 15 езуіцкіх калегіюмаў, у тым ліку ў Вільні, у Берасьці, у Горадні, у Віцебску, у Магілёве, у Жодзішках, у Юравічах, у Смаленску…
І ўсё-ткі – што ж такое езуіцкі калегіюм паводле сучаснай градацыі адукацыйнага працэсу: школа, гімназія ці ўвогуле калегіюм можна параўнаць з унівэрсытэтам?
У. Арлоў: Калі калегіюм быў поўны, то яго навучальная праграма мала чым адрозьнівалася ад унівэрсытэцкай. Адзінае што, Статут калегіюму не дазваляў прысуджаць навуковыя ступені. І каб абараняць, кажучы сучаснай мовай, дысэртацыі, трэба было кіравацца ў бліжэйшую Вільню ці яшчэ якую alma mater.
Калі тагачасны езуіцкі калегіюм можна прыраўняць да сучаснага ўнівэрсытэту, дык цікава: якія ж дысцыпліны там выкладаліся?
У. Арлоў: Узыходжаньне да вяршыняў ведаў пачыналася зь пяцікляснай гімназіі. Там выкладаліся дысцыпліны з цыклю вольных мастацтваў: граматыка, рыторыка, паэтыка… За шэсьць гімназічных гадоў (у апошняй, пятай клясе вучыліся два гады) трэба было засвоіць гэтыя навукі й дасканала авалодаць лацінскаю ды старажытнагрэцкаю мовамі. Факты пярэчаць пашыранай думцы пра тое, што ў езуіцкіх калегіюмах была забароненая беларуская мова. Якраз не. Пакуль хлопчыкі не зусім вольна пачуваліся ў лаціне, прынамсі да сярэдзіны XVII стагодзьдзя навучаньне ў малодшых клясах ішло менавіта па-беларуску. Дарэчы, з 1584 году, як сьведчаць дакумэнты, старабеларуская мова выкладалася ў Полацкім калегіюме як самастойная дысцыпліна. Пасьля гімназіі можна было вучыцца далей на трохгадовым курсе філязофіі, альбо на чаторохгадовым курсе тэалёгіі. Праўда, на гэтым курсе маглі навучацца толькі сябры й кандыдаты ордэна езуітаў. Падмуркам філязофскага курсу, да прыкладу, былі трактаты Арыстотэля, тэалягічнага курсу – погляды Тамаша Аквінскага. Калі выпускнік калегіюму сканчаў аддзяленьне філязофіі, ён мог стаць выкладчыкам з навуковай ступеньню магістра. А пасьля тэалёгіі нават атрымаць пасаду прафэсара… Апрача ўжо названых дысцыплінаў, у Полацкім калегіюме, як і ў іншых, вывучаліся арытмэтыка й геамэтрыя, фізыка й астраномія, гісторыя й геаграфія, музыка й лёгіка…
Давайце працягнем паралелі зь сёньняшнімі ўнівэрсытэтамі: ці давалі навучэнцам калегіюмаў інтэрнаты, ці добра кармілі іх, ці праводзіліся спартакіяды й дні здароўя?
У. Арлоў: Можна правесьці вельмі цікавыя паралелі, і я рызыкну сказаць, што не заўсёды яны будуць на карысьць сучасных навучальных установаў!.. Навучэнцы калегіюмаў атрымлівалі месцы ў інтэрнатах, якія тады называліся бурсамі. Іх кармілі, клапаціліся пра іх фізычнае выхаваньне, былі нават адмысловыя дні, прысьвечаныя фізычнай падрыхтоўцы, дзе выкладалася нават фэхтаваньне. Вельмі эфэктыўна выкладаліся замежныя мовы. Выкарыстоўваўся вядомы й цяперашнім пэдагогам мэтад заглыбленьня ў моўную стыхію, калі на пэўным этапе выкладаньня вучням забаранялі карыстацца якой-небудзь іншай мовай – на занятках, у час падрыхтоўкі да заняткаў…
У гісторыі Полацка ёсьць адна слаўная старонка, зьвязаная зь езуітамі. Некалькі дзесяцігодзьдзяў гэты беларускі горад быў сусьветнай сталіцай Таварыства Ісуса. Калі ў 1773 годзе езуіты пасварыліся з Папам Рымскім, і той выгнаў іх зь Вечнага гораду, сваёй сталіцай яны абралі менавіта Полацак. На некалькі дзесяцігодзьдзяў наш горад стаў адной зь інтэлектуальных сталіц Эўропы, сюды зьехаліся працаваць прафэсары з Сарбоны, гішпанскіх, італійскіх унівэрсытэтаў. У 1814 годзе ўжо іншы Папа дазволіў езуітам вярнуцца ў Рым. І зараз у рэзыдэнцыях езуітаў на берагах Тыбру можна пабачыць гравюры з выявамі нашага Полацку. Дарэчы, што асабліва прыемна, Полацкі калегіюм, прынамсі ягоны будынак, і сёньня служыць асьвеце.
У. Арлоў: Полацкі калегіюм у 1812 годзе быў ператвораны ў Полацкую акадэмію, набыў унівэрсытэцкі статус. Таму мы можам казаць, што да нашых дзён захаваліся будынкі і калегіюма, і акадэміі. Вельмі прыемна адзначыць, што ўжо некалькі гадоў у карпусы былой Полацкай акадэміі (якая таксама, нягледзячы на сваю непрацяглую васьмігадовую гісторыю адыграла значную ролю ў нашай культуры, у гісторыі нашай асьветы) цяпер пакрысе пераязджаюць факультэты Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Ужо некалькі гадоў у старых езуіцкіх карпусах, у гэтых аўдыторыях з унікальнай акустыкай, з такой вельмі цікавай аўрай, займаюцца гісторыкі й філёлягі. Цяпер туды пераязджаюць юрысты… І я мару пра той час, калі ў дворыку Полацкага ўнівэрсытэту, які ўжо магчыма цалкам пераедзе ў старыя карпусы, у працяг асьветніцкіх традыцыяў езуітаў, зьявяцца помнікі славутым выпускнікам і выкладчыкам полацкай alma mater: аднаму з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры Яну Баршчэўскаму, выдатнаму мастаку Валенцію Ваньковічу альбо выкладчыку Полацкага калегіюму Мацею Казіміру Сарбеўскаму, сусьветнавядомаму паэту-лаціністу, чые вершы ілюстраваў Пітэр Паўль Рубэнс…
Гэта быў пісьменьнік Уладзімер Арлоў, які распавядаў нам пра езуітаў на Беларусі й ролю езуіцкіх калегіюмаў у нашай гісторыі, культуры ды адукацыі.Арцём Багданаў, Менск








All the contents on this site are copyrighted ©.