2009-02-13 11:48:53

Бэнэдыкт 16: Каталіцкі Касьцёл жадае разьвіваць добрыя адносіны з Гэбрэямі


Сьвяцейшы Айцец запэўніў аб жаданьні разьвіваць адносіны з Гэбрэямі. Зрабіў гэта, прыймаючы ў чацьвер 12-га лютага дэлегацыю Канфэрэнцыі Старшыняў Галоўных Амэрыканскіх Гэбрэйскіх Арганізацый. Папа пры нагодзе асудзіў антысэмітызм ды непрызнаваньне Галакаўсту.
У сваёй прпамове да іх Бэнэдыкт 16 прыпомніў свае сустрэчы з прадстаўнікамі гэбрэйскае супольнасьці, а канкрэтна мінулагоднюю ў Вашынгтоне ды ў Кэльне ў 2005-м годзе, дзе—як прыпомніў—Гэбрэі жывуць ад часоў Рымскае Імпэрыі. Дадаў, што асаблівае значэньне меў для яго візіт ў месяцы маі 2006-га году ў канцэнтрацыйным лагеры Аўшвіц-Біркэнаў
RealAudioMP3
Калі я перайшоў браму гэтага месца жаху я раздумваў аб вязьнях, сярод якіх было многа гэбрэяў, якія ішлі гэтаю сьцежкаю да няволі ў Аўшвіц і ва ўсіх іншых канцэнтрацыйных лагерах. Гэтыя дзеці Абрагама, няшчасныя і прыніжаныя, мелі нямнога таго, што магло б іх падтрымліваць на духу, апрача веры сваіх айцоў у Бога, веры, якую мы хрысьціяне падзяляем з вамі, нашымі братамі і сёстрамі- сказаў Бэнэдыкт 16. Падкрэсьліў, што ўсё чалавецтва адчувае глыбокі сорам з прычыны так дзікай жудасьці, што была тады прыяўлена гэбрэйскаму народу.
Далей Сьвяцейшы Айцец прыпомніў, што сам падрыхтоўваецца да наведаньня Ізраіля, зямлі, якая сьвятая як для хрысьціян так і Гэбрэяў, таму што там мы знаходзім карані нашае веры. Касьцёл чэрпае з каранёў гэтае высакароднае аліўкі, народу Ізраіля. “Ад першых дзён хрысьціянства нашая тоеснасьць і кожны аспэкт жыцьця ды культу быў шчыльна злучаны са старажытнаю рэлігіяю вашых бацькоў ў веры”.
Папа прыпомніў затым сабаровую дэклярацыю аб адносінах да нехрысьціянскіх рэлігій. Падкрэсьліў , што Касьцёл адкідае ўсялякі антысэмітызм і жадае будаваць добрыя і трывалыя адносіны абедзьвух супольнасьцей.
RealAudioMP3
Добрым вобразам, які паказвае ў істотны спосаб гэтае заангажаваньне ёсьць малітва Яна Паўла ІІ пад Мурам Плачу ў Ерузаліме, калі мой ўмілаваны папярэднік упрошваў Божага прабачэньня за ўсе несправядлівасьці, якія зазнаў гэбрэйскі народ”.
Сьвяцейшы Айцец рашуча асудзіў запярэчваньне злачынстваў Галакаўсту, які быў злачынствам супраць Бога і супраць чалавецтва. “Кожнае запярэчаньне або паменшаньне гэтага страшнага злачынства не можа быць паблажанае і ёсьць поўнасьцю недапушчальнае”- падкрэсьліў Папа. “Шоа” мусіць быць для ўсіх перасьцярогаю перад забыцьцём, перад адмаўленьнем, таму што насільле прымененае адносна адной чалавечай істоты ёсьць насільлем супраць ўсіх”.
На заканчэньне сваёй прамовы Бэнэдыкт 16 зрабіў заклік, каб чалавецтва памятала аб гэтым страшным разьдзеле ў нашай гісторыі. Бо ж памяць ёсьць асьцярогаю на будучыню і заклікае, каб хадайнічаць пра прымірэньне цераз будаваньне мастоў трывалае прыязьні. “Малюся, каб памяць аб гэтым жахлівым злачынстве ўзмацоўвала нашую рашучасьць да залечваньня ранаў, якія доўга плямілі адносіны паміж хрысьціянамі і Гэбрэямі. З глыбіні сэрца жадаю, каб прыязьнь, якою цешымся цяпер, яшчэ больш ўзмацоўвалася, так, каб заангажаваньне Касьцёла ў адносіны з народам Саюзу прынесла шчодрыя плады”- сказаў Папа Бэнэдыкт 16.








All the contents on this site are copyrighted ©.