2009-02-12 14:26:42

У Менску пройдзе Канфэрэнцыя, прысьвечаная жыцьцю і дзейнасьці Эдварда Вайніловіча


14 лютага 2009 г. у мінскім касцёле Святых Сымона і Алены ў 9.00 адбудзецца канферэнцыя, прысвечаная жыццю і дзейнасці Эдварда Вайніловіча — фундатара гэтай святыні. Канферэнцыю адкрые Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. У ёй прымуць удзел гісторыкі і дзеячы навукі з Беларусі, Польшчы, Літвы.


Эдвард Вайніловіч паходзіў са старажытнага беларускага роду. Атрымаў выдатную адукацыю: скончыў славутую Слуцкую гімназію, Пецярбургскі тэхналагічны інстытут, стажыраваўся ў Германіі.
Вайніловіч тройчы абіраўся ў Дзяржаўную Думу, больш за 35 гадоў быў ганаровым суддзёю Слуцкага павета, дапамагаў працавітым, але бедным сялянам, засноўваў земляробчыя банкі і дзіцячыя прытулкі, актыўна ўдзельнічаў у беларускім адраджэнскім руху.
Ён ахвяраваў фінансавыя сродкі не толькі на каталіцкія касцёлы, але і на праваслаўныя цэрквы, якія стаяць па сённяшні дзень, а таксама на сінагогу ў Клецку. Ён спрыяў і дапамагаў нават мусульманам, бо лічыў, што кожны чалавек у сваёй святыні на зямлі славіць аднаго Бога на небе.
Цяжкія выпрабаванні паслаў лёс гэтаму чалавеку: Эдвард Вайніловіч страціў свайго 12-гадовага сына Сымона і 19-гадовую дачку Алену. Аднак замест роспачы, крыўды на Бога Эдвард пабудаваў у Мінску касцёл у гонар св. Сымона, Апостала, і св. Алены, якая знайшла на Галгофе Крыж Хрыста Збаўцы. На магіле дачкі Вайніловіч зрабіў надпіс: «Я не памерла — я адыходжу, каб жыць».










All the contents on this site are copyrighted ©.