2009-02-03 14:34:23

Бэнэдыкт 16 да законнікаў: Сьвяты Павал настаўнікам і бацькам пасьвячанага жыцьця


Постаць Сьвятога Апостала Паўла як бацькі і настаўніка пасьвячанага жыцьця акрэсьліў Бэнэдыкт 16 ў часе сустрэчы з законнікамі і законніцамі ў панядзелак 2-га лютага. Як што-году ў сьвята Ахвяраваньня Гасподняга, калі Касьцёл ушаноўвае дзень пасьвячаных асоб, яны сустрэліся на Эўхарыстыі ў Базыліцы Сьвятога Пятра. Сьвятую Імшу адслужыў для іх кардынал Родэ, Прэфэкт Кангрэгацыі да спраў Пасьвячанага Жыцьця і Таварыстваў Апостальскага Жыцьця.
Папа сустрэўся з законнікамі пасьля Сьвятой Імшы. У сваім казаньні да іх гаварыў аб стылі жыцьця Апостала Народаў, у якім з лёгкасьцю можна заўважыць ажыцьцяўленьне трох эвангэльскіх парад. Убоства- падкрэсьліў Сьвяцейшы Айцец- запэўнівала Апосталу Паўлу поўную бескарысьлівасьць ў абвяшчаньні Эвангэльля і выказвала канкрэтную салідарнасьць адносна патрабуючых. Чыстата дазволіла яму служыць з большаю адданасьцю і свабодаю, а пры гэтым быць выразным пунктам аднясеньня ў сьвеце, ў якім хрысьціянскае паняцьце чыстаты не было яшчэ прынятае. Паслухмянасьць, ў сваю чаргу, праяўлялася “ са штодзённае турботы пра ўсе Цэрквы”.
“Хай Сьвяты Павал дапаможа вам выконваць вашую апостальскую паслугу ў Касьцёле і з Касьцёлам, у духу адзінства”- сказаў Папа да законнікаў і законніц, якія прыбылі да Базылікі Сьвятога Пятра з нагоды дня пасьвячанага жыцьця.








All the contents on this site are copyrighted ©.