2009-02-02 13:48:06

Пасланьне Яго Сьвятасьці Бэнэдыкта 16 на 95-ы Сусьветны Дзень Мігрантаў і Бежанцаў ( 1 частка)


Дарагія браты і сёстры!

Тэма сёлетняга паслання на Сусветны дзень мігрантаў і бежанцаў гучыць так: «Святы Павел — вандроўнік і Апостал народаў». Яна звязана з абвешчаным мною Юбілейным годам у гонар гэтага Апостала з нагоды двухтысячагоддзя яго нараджэння. Справа Паўла, «вандроўніка па пакліканні», а менавіта абвяшчэнне вучэння і пасрэдніцтва паміж рознымі культурамі і Евангеллем, з’яўляецца па сутнасці значным арыенцірам таксама для людзей, якія вандруюць у наш час.
Саўл нарадзіўся ў горадзе Тарс, што ў Кілікіі, у сям’і габрэйскіх эмігрантаў. Ён быў выхаваны ў габрэйскім і грэцкім моўным і культурным асроддзі, а таксама на глебе рымскай культуры. Пасля сустрэчы з Хрыстом на дарозе ў Дамаск (пар. Гал 1, 13–16), ён, не адрокшыся ад уласных традыцый і захоўваючы павагу і ўдзячнасць да юдаізма і Закона (пар. Рым 9, 1–5; 10, 1; 2 Кар 11, 22; Гал 1, 13–14; Флп 3, 3–6), без ваганняў і развагаў адважна і з энтузіязмам прысвяціў сябе новай місіі, падпарадкуючыся наказу Пана: «Я пашлю цябе да далёкіх народаў» (пар. Дз 22, 21). Яго жыццё перамянілася кардынальным чынам (пар. Флп 3, 7–11): Езус стаў для яго сэнсам існавання, а таксама натхненнем на апостальскае служэнне дзеля абвяшчэння Евангелля. З пераследніка хрысціянаў ён ператварыўся ў Хрыстовага апостала.
Ведзены Святым Духам, ён, не шкадуючы сілаў, імкнуўся да таго, каб Евангелле, якое з’яўляецца «моцаю Божаю, дадзенаю для збаўлення кожнаму, хто верыць, спярша юдэю, а потым і грэку» (пар. Рым 1, 16), было абвешчана ўсім, незалежна ад нацыянальнасці і культуры. Падчас сваіх апостальскіх падарожжаў, нягледзячы на шматлікія пратэсты, ён спярша абвяшчаў Евангелле ў сінагогах, прызнаючы першынство за сваімі суайчыннікамі з дыяспары (пар. Дз 18, 4–6). А калі яны яго не прымалі, звяртаўся да язычнікаў, становячыся сапраўдным «місіянерам мігрантаў», сам будучы мігрантам і вандроўным пасланцом Езуса Хрыста, і заахвочваў кожнага чалавека, каб у Езусе Хрысце той стаў «новым стварэннем» (пар. 2 Кар 5, 17).
Абвяшчаючы керыгму, ён плаваў па марах Блізкага Усходу, вандраваў па дарогах Еўропы і нарэшце трапіў у Рым. Ён вырушыў з Антыёхіі, дзе Евангелле абвяшчалася людзям, якія не былі вызнаўцамі юдаізму і дзе вучняў Хрыста ўпершыню назвалі «хрысціянамі» (пар. Дз 11, 20. 26). Яго жыццё і вучэнне былі цалкам падпарадкаваныя таму, каб усе пазналі і палюбілі Хрыста, бо ў Ім усе народы павінны стаць адным народам.
Таксама і сёння, у эпоху глабалізацыі, місія Касцёла і кожнага ахрышчанага па-ранейшаму заключаецца ў гэтым. Гэтая місія з уважлівым душпастырскім клопатам ахоплівае разнастайны свет мігранатаў: замежных студэнтаў, імігрантаў, бежанцаў, выгнаннікаў, прымусовых перасяленцаў, а таксама ахвяраў сучасных формаў рабства, такіх, як напрыклад, гандаль людзьмі. Таксама і сёння неабходна несці вестку пра збаўленне з такім самым імпэтам, як гэта рабіў Апостал народаў, беручы пад увагу сацыяльныя і культурныя адметнасці, а таксама асаблівыя цяжкасці кожнага чалавека, звязаныя з ягоным жыццём мігранта і вандроўніка. Хацелася б, каб кожная хрысціянская супольнасць праяўляла такую самую апостальскую адданасць, што была ўласцівая святому Паўлу, які, усім абвяшчаючы збаўчую любоў Айца (пар. Рым 8, 15–16; Гал 4, 6), каб «здабыць яшчэ больш» (пар. 1 Кар 9, 19), стаў для нядужых як нядужы, «для ўсіх стаў усім, каб любою цаною збавіць некага» (пар. 1 Кар 9, 22). Няхай ягоны прыклад заахвочвае таксама і нас да салідарнасці з гэтымі нашымі братамі і сёстрамі, каб у кожным куточку зямлі мы ўсімі магчымымі спосабамі клапаціліся пра мірнае суіснаванне паміж рознымі народамі, культурамі і рэлігіямі.
У чым заключаўся сакрэт Апостала народаў? Уласцівая яму місіянерская адданасць і баявы запал паходзілі ад таго, што ён сам быў «здабыты Хрыстом» (пар. Флп 3, 12), быў з Ім з’яднаны настолькі глыбока, што адчуваў сябе ўдзельнікам Яго жыцця праз «удзел у Яго цярпенні» (пар. Флп 3, 10; пар. таксама Рым 8, 17; 2 Кар 4, 8–12; Клс 1, 24). У гэтым — крыніца апостальскага запалу святога Паўла, які кажа: «Бог, выбраўшы мяне ад улоння маці маёй і паклікаўшы ласкаю сваёю, пажадаў аб’явіць праз мяне свайго Сына, каб я прапаведаваў Яго язычнікам» (пар. Гал 1, 15–16; пар. таксама Рым 15, 1–16). Ён адчуваў, што нібы «ўкрыжаваўся разам з Хрыстом», а таму мог сцвярджаць, што «ўжо не я жыву, а жыве ўва мне Хрыстус» (пар. Гал 2, 20). Ніякія цяжкасці не перашкодзілі яму весці адважную евангелізацыйную дзейнасць у такіх касмапалітычных гарадах, як Рым і Карынт, жыхары якіх у той час уяўлялі сабою стракатую мазаіку розных нацый і культур.








All the contents on this site are copyrighted ©.