2009-02-02 13:40:34

Масква: інтранізацыя Патрыярха Кірыла



1-га лютага ў Маскве адбылася інтранізацыя шаснаццатага Патрыярха Масквы і Усяе Русі Кірыла. Літургія была адслужана ў галоўнай Сьвятыні Расіі ў Царкве Хрыста Збавіцеля.
У часе інтранізацыі, згодна з гістарычнаю традыцыяю, Мітрапаліты Кіева і Мінска: Уладзімір і Філярэт, вядучы Патрыярха Кірыла пад рукі, тры разы пасадзілі яго на патрыяршым троне. У гэтым часе былі чутныя вокрыкі арцыбіскупаў ў грэцкай мове “axios”, значыць “годзен”. Гэтае кліканьне перанялі прысутныя ў сьвятыні вернікі.
Затым субдыяканы знялі з Патрыярха Кірыла арцыбіскупскую вопратку і ўсклалі на яго патрыяршую вопратку: саккос значыць аздобную рызу, амафор значыць шырокі епітрахіль а на галаву ўсклалі патрыяршую мітру. Перад заканчэньнем Літургіі мітрапаліты, якія ўдзельнічалі ў ёй, ўсклалі на новага Патрыярха зялёную патрыяршую мантыю і ўручылі яму жэзл (пастарал) Сьвятога маскоўскага мітрапаліта Пятра, які спэцыяльна з гэтае нагоды выпазычылі з крэмлёўскага музэя.
На ўрачыстасьці былі прысутнымі прадстаўнікі найвышэйшых дзяржаўных уладаў, а сярод іх Дмітрый Медведеў з жонкаю ды Уладзімір Путін. Ягоная жонка Сьветлана, была першаю асобаю, якая прыняла Сьвятое Прычасьце з рук Патрыярха Кірыла. На ўрачыстасьць прыбылі прадстаўнікі мясцовых Праваслаўных Цэркваў, Ватыкану і найбольшых Пратэстанцкіх Цэркваў. Ватыканскую дэлегацыю ўзначальваў кардынал Вальтэр Каспэр, старшыня Папскае Рады да спраў Адзінства Хрысьціян.
1-га лютага, дзень інтранізацыі Кірыла ды яго імяніны 24-га мая, ва ўспамін Апосталаў Славян Кірыла і Мятода, будуць афіцыяльнымі сьвятамі Расійскага праваслаў”я.
Зберажэньне еднасьці Царквы і прыцягненьне да яе вернікаў—такія галоўныя заданьні пералічыў ў казаньні Кірыл. Падкрэсьліў, што паводоле яго “Патрыярх павінен турбавацца пра тое, каб кожны чалавек знайшоў уласнае месца ў Царкве, ды адначасна, каб іншыя погляды не зьнішчылі любові і не паслабілі супольных намаганьняў у будаваньні Божага дому”. Патрыярх Кірыл заўважыў, што асабліва моладзь патрабуе духоўнага кіраўніцтва Царквы. “У часах маральнага рэлятывізму, калі насільле і распуста крадуць душы маладых людзей, мы не можам сядзець і чакаць, аж моладзь вернецца да Хрыста”- сказаў Патрыярх Кірыл. На заканчэньне зрабіў заклік да духавенства, каб міма цяжкасьцяў намагаліся прыцягнуць людзей да Бога і паказаць ім сапраўдны сэнс жыцьця.








All the contents on this site are copyrighted ©.