2009-01-22 12:45:22

Ватыкан: ёсьць шанцы на плённы каталіцка-праваслаўны дыялог


«Ёсць шансы на плённы каталіцка-праваслаўны дыялог», — сцвярджае на старонках «L’Osservatore Romano» кс. прэлат Элеўтэр’ё Фартыно. Памочнік сакратара Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству інфармуе аб працы каардынацыйнага камітэта перад ХІ Пленарным пасяджэннем Міжнароднай каталіцка-праваслаўнай камісіі на Кіпры, якое запланавана на 16–23 кастрычніка 2009 г.


Кастрычніцкая сесія будзе прысвечана тэме «Роля біскупа Рыма ў адзінстве Касцёла першага тысячагоддзя». Унесена прапанова падчас тыднёвага пасяджэння на Кіпры закрануць такія пытанні, як: Рымскі Касцёл — першая сталіца хрысціянства, біскуп Рыма — наступнік св. Пятра, роля біскупа Рыма ў перыяд крызісаў касцёльнай супольнасці, а таксама ўплыў пазатэалагічных фактараў.


Ксёндз прэлат Фартыно адзначыў, што супольны аналіз гістарычных фактаў, інтэрпрэтацыя біблійных тэкстаў, а таксама разгляд розных тэалагічных пытанняў з’яўляюцца «істотнай умовай сапраўднага прагрэсу ў пошуку ўзаемнага паразумення католікаў і праваслаўных». На яго думку, каталіцка-праваслаўны дыялог знаходзіцца на складаным этапе, які, аднак, можа адкрыць шлях да поўнага адзінства, што мае істотнае значэнне для жыцця і місіі Царквы ў свеце. «Дыялог абодвух бакоў у сваёй новай фазе адкрыты і мае наперадзе пазітыўныю перспектыву», — лічыць памочнік сакратара Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству.










All the contents on this site are copyrighted ©.