2009-01-20 13:35:37

ТБМ патрабуе вярнуць беларускую мову на тэлеэкраны


Таварыства беларускай мовы выступіла ў абарону роднай мовы ў эфіры беларускіх тэлеканалаў. ТБМ прыняла адмысловы зварот „Аб вяртаньні дзяржаўнай мовы на экраны БТ”, які накіраваны да Рады міністраў і ў Нацыянальную тэлерадыёкампанію.
У дакумэнце ТБМ зьвяртае ўвагу, што ў краіне няма тэлевізіі на роднай мове. Падобную сытуацыю можна лічыць дыскрымінацыяй беларускай мовы, што пярэчыць Канстытуцыі Беларусі. Дзеячы ТБМ прыводзяць прыклады суседняй Расеі й Казахстану. Расейцы ў мінулым годзе прынялі дакумэнт аб пашырэньні й абароне расейскай мовы. У сваю чаргу ў Казахстане палова эфіру на тэлеканалах павінна гучаць на казахскай мове, хоць расейская мова мае статус афіцыйнай.
Таварыства беларускай мовы прапануе ўзяць прыклад з гэтых дзьвюх краін. Па-першае, вяшчаньне на беларускіх тэлеканалах прынамсі на палову павінна адбывацца на беларускай мове. Па-другое, ТБМ прапануе распрацаваць законапраект аб абароне й пашырэньні сфэры выкарыстаньня роднай мовы.








All the contents on this site are copyrighted ©.