Распачнецца ён ў нядзелю 18 студзеня 2009 г. і будзе праходзіць пад дэвізам «І будуць
адно ў руцэ Тваёй” (Эзэкэіл 37,19). Гэты дэвіз, а таксама іншыя дапаможныя матэрыялы
былі прапанаваны экуменічнай хрысціянскай супольнасцю з Карэі. Тэкст Святога Пісання,
узяты з Кнігі прарока Эзэхіэля, таксама выбраны невыпадкова і звязаны з падзелам карэйскага
народа на дзве дзяржавы — Карэю Паўночную і Паўднёвую. Для Эзэхіэля падзел народа
быў вынікам граху і аддалення чалавека ад Бога.
Кожны дзень экуменічнай актавы
будзе прысвечаны пэўнай тэме. Будуць уздымацца такія актуальныя пытанні, як адносіны
хрысціянаў перад абліччам старых і новых падзелаў, вайны і насілля, эканамічнай несправядлівасці
і беднасці, экалагічнага крызісу, а таксама дыскрымінацыі і сацыяльных забабонаў,
хваробы і цярпення, рэлігійнага плюралізму. Тэма апошняга дня экуменічнага тыдня гаворыць
пра надзею, якую хрысціяне павінны абвяшчаць у падзеленым свеце.
Апекуном
Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў з’яўляецца святы Апостал Павел, і не толькі
сёлета, у Год Апостала Народаў. Тыдзень малітваў за адзінства хрысціянаў пачалі адзначаць
у 1908 г. Ён заўсёды пачынаецца з дня, на які некалі прыпадаў успамін святога Апостала
Пятра (18 студзеня), і завяршаецца святам навяртання святога Апостала Паўла (25 студзеня).
Сёлета, як і ў мінулым годзе, 24 студзеня — напярэдадні заканчэння Тыдня малітвы за
адзінства хрысціянаў — у мінскім архікатэдральным касцёле адбудзецца экуменічная малітва.
Распачнецца яна ў 18.30 цэлебрацыяй святой Імшы, якую ўзначаліць Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Пасля Эўхарыстыі адбудзецца экуменічная сустрэча,
на якую запрошаны прадстаўнікі Грэка-каталіцкай, Праваслаўнай, Лютэранскай Цэркваў
і іншых хрысціянскіх канфесій. Падчас сустрэчы Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч выступіць
з прамовай на тэму развіцця міжхрысціянскага дыялогу. Удзельнікі экуменічнай малітвы
разам прачытаюць малітву «Ойча наш...» і вызнанне веры, змешчанае ў Святым Пісанні.