2009-01-12 14:40:30

Пасланьне Папы Бэнэдыкта 16 на Сусьветны дзень міру 1-га студзеня 2009-га году ( 2 частка)


Яшчэ адною нагодаю для неспакою з’яўляюцца пандэмічныя харобы, такія, як малярыя, туберкулёз і СНІД, што ўплываюць на пагаршэнне агульнай сітуацыі ў краіне настолькі сур’ёзна, наколькі паражаюць насельніцтва ў дзетародным узросце. Спробы пераадолення наступстваў гэтых хваробаў для насельніцтва не заўсёды прыносяць заўважныя вынікі. Да таго ж часам краіны, якія пакутуюць ад гэтых пандэмій, для таго, каб супрацьстаяць ім, сутыкаюцца з шантажом з боку тых, хто ўзамен за эканамічную дапамогу патрабуе правядзення палітыкі, знішчальнай для жыцця. Асабліва цяжка змагацца са СНІДам — драматычнаю прычынаю беднасці, — калі пад увагу не бяруцца маральныя праблемы, з якімі звязана распаўсюджванне віруса. Перадусім неабходна арганізаваць кампаніі па выхаванні ў моладзі сексуальнасці, якая ў поўнай меры адпавядае чалавечай годнасці асобы. Падобныя ініцыятывы ўжо давалі заўважныя вынікі, спрыяючы запаволенню распаўсюджвання СНІДу. Акрамя таго трэба зрабіць даступнымі для бедных народаў лекі і неабходнае медыцынскае абслугоўванне, дзеля чаго патрэбныя інтэнсіўная праца ў галіне медыцынскіх даследванняў і пошук новых тэрапеўтычных сродкаў, а таксама гнуткае прымяненне ў выпадку неабходнасці міжнароднага заканадаўства, якое рэгулюе правы інтэлектуальнай уласнасці, каб усім гарантаваць базавае медыцынскае абслугоўванне.


5. Трэці накірунак дзейнасці, на які звяртаецца ўвага ў праграмах барацьбы з беднасцю, што сведчыць пра ўласцівы ёй маральны аспект, гэта дзіцячая беднасць. Калі цяжар беднасці кладзецца на сям’ю, найбольш безабароннымі ахвярамі гэтага становяцца дзеці, якія складаюць амаль палову тых, хто сёння жыве ў галечы. Калі паглядзець на беднасць з пазіцыі дзяцей, прыярытэтнымі мэтамі трэба лічыць тыя, якія датычацца непасрэдна іх, напрыклад, апеку над маці, навучанне, даступнасць прышчэпак і базавага медыцынскага абслугоўвання, забеспячэнне пітною вадою, ахова навакольнага асяроддзя, а перадусім абавязак абароны сям’і і трываласці яе ўнутраных сувязяў. Калі разбураецца сям’я, ад гэтага непазбежна пакутуюць дзеці. Калі не забяспечыць абароны годнасці жанчыны і маці, наступствы таксама ўдараць па дзецях.


6. Чацвёрты накірунак, які з маральнага пункту гледжання заслугоўвае асаблівай увагі, — гэта сузалежнасць паміж раззбраеннем і прагрэсам. Сучасны памер глабальных выдаткаў на ўзбраенне выклікае вялікі неспакой. Як я ўжо адзначаў, часам «вялізныя матэрыяльныя і чалавечыя рэсурсы прызначаюцца на вайсковыя выдаткі і ўзбраенне фактычна за кошт рэалізацыі праектаў развіцця народаў, асбліва найбяднейшых, якім патрэбная дапамога. Гэта супярэчыць палажэнню Хартыі Аб’яднаных Нацый, якая абавязвае міжнародную супольнасць і паасобныя дзяржавы да „ўмацавання стабільнасці і абароны міру і міжнароднай бяспекі пры мінімальным выкарыстанні сусветных чалавечых і матэрыяльных рэсурсаў на ўзбраенне“ (арт. 26)»6.


Такі стан рэчаў не спрыяе, а наадварот, сур’ёзна перашкаджае ў дасягненні важных мэтаў у развіцці міжнароднай супольнасці. Акрамя таго, празмернае павелічэнне выдаткаў на мілітарысцкія мэты павялічвае небяспеку паскарэння гонкі ўзбраенняў, што з’яўляецца прычынаю недаразвіцця і роспачы, парадаксальным чынам ператвараючыся ў фактар нестабільнасці, напружання і канфлікатў. Як слушна адзначыў мой вялебны папярэднік Павел VI, «развіццё — гэта новае імя міру»7. Таму дзяржавы пакліканыя да сур’ёзнага разважання над больш глыбокімі прычынамі канфліктаў, якія часта ўзнікаюць на глебе несправядлівасці, і да пазбаўлення ад гэтага дзякуючы адважнай самакрытыцы. Калі атрымаецца дасягнуць паляпшэння адносінаў, гэта павінна дазволіць знізіць выдаткі на ўзбраенне. Зэканомленыя сродкі можна будзе прызначыць на праекты развіцця для найбяднейшых людзей і народаў: супольныя намаганні ў гэтым накірунку спрыяюць будаўніцтву міру ў чалавечай сям’і.


7. Пяты накірунак барацьбы з матэрыяльнай беднасцю датычыцца сучаснага харчовага крызісу, які робіць немагчымым задаволенне асноўных патрэбаў. Гэтаму крызісу ўласцівы не столькі недахоп прадуктаў харчавання, колькі цяжкасць у іх атрыманні і спекуляцыйныя з’явы, а значыць, неэфектыўнасць палітычных і эканамічных інстытутаў, якія не ў стане задаволіць патрэбы як надзённыя, так і вострыя. Недастатковае харчаванне можа таксама прывесці да сур’ёзных шкодных наступстваў у псіхафізічным стане насельніцтва, пазбаўляючы многіх людзей энергіі, неабходнай для таго, каб без асаблівай дапамогі выйсці з сітуацыі беднасці, у выніку чаго яны не могуць самі пераадолець сваё недаразвіццё. Гэта таксама павялічвае няроўнасць, выклікаючы рэакцыі, якія могуць ператварыцца ў насілле. Усе дадзеныя за апошнія дзесяцігоддзі, якія паказваюць змены ў адноснай беднасці, сведчаць пра тое, што павялічваецца разрыў паміж багатымі і беднымі. Галоўнымі прычынамі гэтай з’явы належыць прызнаць, з аднаго боку, тэхналагічныя змены, выгода ад якіх канцэнтруецца ў найвышэйшай сферы падзелу прыбыткаў, а з другога боку, дынаміку коштаў на прамысловыя тавары, якія растуць нашмат хутчэй, чым кошты на сельскагаспадарчую прадукцыю і сыравіну, якую маюць найбяднейшыя краіны. Часам большая частка насельніцтва найбяднейшых краінаў пакутуе ад падвойнай маргіналізацыі: з-за нізкіх заробкаў і высокіх коштаў.










All the contents on this site are copyrighted ©.