2009-01-08 12:20:55

Пасланьне Япіскапа Сьвятаслава на Сьвята Калядаў 2009-га году


Каб Беларусь жыла ў нашых сэрцах»

Дастойнаму святарству і вернікам Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы.Дарагія браты й сёстры ў Хрысце!
Ужо болей за дзве тысячы гадоў, як адбылася падзея, якая змяніла ўвесь зямны сьвет. Нават гісторыю чалавецтва падзяляем на час да Нараджэння Хрыстовага і — пасля Ягонага Нараджэння.
Свята Калядаў — вялікая таямніца, бо непадуладны часу Бог стаў падобны да нас і прыйшоў у грэшны свет каб збавіць людзей ад граху, звольніць ад улады смерці. Таму падзея гэтая паяднала чалавека з Богам. Сын Божы і сын чалавечы — Хрыстос прыйшоў не змяніць законы Божыя, але прынёс нам разуменне неабходнасці любові і міласэрнасці да нашых блізкіх (і нават для ворагаў), што асабліва актуальнае і сёння.
Каб збудаваць Уладарства Божае, — мала верыць у існаванне Бога, нараджэнне Сына Божага, трэба кожнаму наблізіцца да Госпада, прыняць Яго да свайго сэрца, адказаць на Божую любоў сваёй любоўю да Яго і да людзей, паказваць сваю веру справамі.
Таксама, як і для таго, каб існавала Вольная Бацькаўшчына, — недастаткова разваліць савецкую імперыю зла, трэба каб Беларусь жыла ў душах беларусаў, тады можна зрабіць Вольнай краіну і шчаслівым ейны народ.Жадаю беларусам на Бацькаўшчыне і тым, хто жыве на Чужыне, вясёлых Калядаў і шчодрага 2009-га Навалецця, каб каляднікі й шчадроўнікі не абміналі вашага памешкання, і каб Ласка Божая перабывала з Вамі і вашымі блізкімі. Хрыстос нарадзіўся! Слаўце Яго!
З любоўю ды малітвамі
+ Сьвятаслаў
Япіскап Наваградзкі і Паўночна-Амерыканскі БАПЦ
 







All the contents on this site are copyrighted ©.