2008-12-23 09:39:11

Папа Бэнэдыкт 16 зрабіў падрахунак з дзейнасьці Касьцёла ў 2008 годзе


У панядзелак 22-га сьнежня Сьвяцейшы Айцец сустрэўся з супрацоўнікамі Рымскае Курыі з нагоды Сьвята Калядаў. У сваёй прамове да іх Папа зрабіў баланс дзейнасьці Каталіцкага Касьцёла ў 2008-м годзе. Сьвяцейшы Айцец пачаў сваю прамову ад прыпамненьня некалькіх важных гадавін: 50-й гадавіны ад сьмерці Папы Пія ХІІ і выбару Яна ХХІІІ; 40-й гадавіны абвяшчэньня энцыклікі “Humanae vitae” і 30-й гадавіны ад сьмерці яе аўтара Папы Паўла 6-га. 28-га чэрвеня, сёлета, ў прысутнасьці Канстантынопальскага Патрыярха Барталамея І-га пачаўся Год Сьвятога Паўла, а ў месяцы кастрычніку, таксама з яго ўдзелам, адбылося Зграмадлжаньне Сыноду Біскупаў на тэму Божага Слова. Папа ўспомніў тут каштоўны уклад “Рабіна, які гаварыў аб Сьвятым Пісаньні Ізраіля, якое ёсьць таксама і нашым Сьвятым Пісаньнем”.
Далей Бэнэдыкт 16 пералічыў свае тры замежныя падарожжы: ў ЗША, Аўстралію і Францыю. Затрымліваючыся пры “зьявішчы Сусьветных Дні Моладзі” Папа сказаў, што некаторыя заўважваюць іх за свайго роду “рокавы фэстываль з удзелам Рымскага Папы як галоўнае зоркі”. Тымчасам, сказаў далей Бэнэдыкт 16, гэтыя “ўрачыстыя дні зьяўляюцца толькі кульмінацыяй доўгае дарогі, якою мы выходзім сабе ўзаемна на сустрэчу ды на сустрэчу з Хрыстом”. Дзеля гэтага, дадаў Бэнэдыкт 16, “Папа не ёсьць зоркаю гэтых дзён, вакол якой круціцца ўсё”, але “ёсьць ён поўнасьцю і выключна Намесьнікам Сьвятога Пятра”. Папа накіроўвае моладзь да Іншага, які сярод нас, які робіць жыцьцё радасным і адкрытым і спалучае ўзаемна людзей ў радасьці, якой немагчыма параўнаць з фэстывалям рока”.
У далейшай частцы сваёй прамовы Сьвяцейшы Айцец гаварыў аб “чатырох памерах Духа Сьвятога” , пачынаючы ад стварэньня і падкрэсьліваючы значэньне “экалогіі чалавека”. “Трэба яе ўласьціва разумець. Гэта не ёсьць перастарэлаю мэтафізыкаю, калі Касьцёл гаворыць аб натуры чалавечае істоты як мужчыны і жанчыны, дамагаючыся, каб гэты парадак стварэньня быў у пашане. Справа тут ідзе пра веру ў Стварыцеля і слуханьне мовы стварэньня, якой не слуханьне было б самазьнішчэньнем чалавека, а затым нішчэньнем Божых учынкаў. Чалавек жадае фармавацца сам і заўсёды сам выключна распараджацца тым, што яго тычыцца. Аднак такім чынам жыве насуперак праўдзе, насуперак Духу Стварыцеля. Трапікальныя пушчы заслугоўваюць на тое, каб мы іх ахоўвалі- працягваў Папа сваю прамову- але ў не меншай ступені заслугоўвае на гэта чалавек як стварэньне. Гэта ўпісана ў яго пасланьне, якое не абазначае запярэчаньня свабоды, але ёсьць яе ўмоваю”.
На заканчэньне доўгае прамовы да працаўнікоў Рымскае Курыі Бэнэдыкт 16 прыпомніў, што “місійны дух Касьцёла ёсьць стымулам да перадаваньня радасьці, якая была нам дадзена”. “Каб была яна ў нас пастаянна жывая і тым самым выпраменьвала на ўмучаны сьвет: вось такія мае пажаданьні на канец гэтага году” – сказаў Папа Бэнэдыкт 16.








All the contents on this site are copyrighted ©.